WYSIWYG Web Builder
Ксёндз Алег Зямчонак завяршыў служэнне ў нашай парафіі
29 мая ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана пасля святой Імшы а 18-ай гадзіне адбылося развітанне з ксяндзом Алегам Зямчонкам, які завяршыў душпастырскае служэнне ў Мёрскай парафіі. Святар выконваў абавязкі вікарыя з верасня 2023 года і за гэты час набыў станоўчы аўтарытэт сярод вернікаў.
Каб памаліцца разам і выказаць словы ўдзячнасці святару, на супольную Эўхарыстыю сабралася шмат вернікаў рознага ўзросту, сярод іх былі таксама дзеці і моладзь, якімі ён апекаваўся падчас працы ў парафіі.
Выконваючы абавязкі вікарыя ксёндз Алег удзяляў святыя сакраманты, праводзіў заняткі для міністрантаў, рыхтаваў кандыдатаў да канфірмацыі, арганізоўваў для дзяцей і моладзі адмысловыя Ружанцовыя і Маёвыя набажэнствы, Крыжовую дарогу, выконваў іншыя абавязкі.

Пасля святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці ксяндзу Алегу за дапамогу ў душпастырскім служэнні і пажадаў далейшых поспехаў на ніве Пана.
Пробашча падтрымалі парафіяне, якія з удзячнасцю яшчэ раз узгадалі асноўныя накірункі дзейнасці ксяндза Алега Зямчонка ў парафіі, падкрэслілі яго значны ўклад у рэлігійнае выхаванне дзяцей і моладзі: правядзенне набажэнстваў, заняткаў, малітоўных сустрэч, пілігрымак, спаборніцтваў па міні-футболе для міністрантаў.

Вернікі выказалі словы ўдзячнасці святару за ўзнёслыя і павучальныя казанні, душпастырскую навуку і падтрымку. Парафіяне запэўнілі ксяндза Алега, што будуць памятаць пра яго ў малітве. На развітанне пажадалі святару поспехаў у пастырскім служэнні, а таксама творчага росту і развіцця.
Развітваючыся, ксёндз Алег падзякаваў усім, хто прыйшоў на супольную малітву і на працягу ўсяго яго служэння аказваў падтрымку і дапамогу. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў бок пробашча ксяндза Андрэя Куліка, літургічнай службы, дзіцячага, моладзевага і дарослага хору.

Звяртаючыся да вернікаў, святар заклікаў іх захоўваць веру і заўсёды памятаць у малітве пра святароў.

Жанна Закрэўская

29.05.2025

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by