Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана... (Пс 40 (39), 5а)
13 лютага пасля святой Імшы а 10-ай гадзіне  парафіяльная супольнасць развіталася з ксяндзом-вікарыем Аляксандрам Дулінцам. Словы ўдзячнасці гучалі ў адрас святара, які аказваў душпастырскую паслугу ў нашай парафіі больш за два з паловай гады.
Выконваючы абавязкі вікарыя, ксёндз Аляксандр апекаваўся міністрантамі, праводзіў заняткі па катэхезе, удзяляў сакраманты і нёс Божае Слова ў сэрцы вернікаў. Дар прамовы, якім валодаў святар, спрыяла таму, што яго заўсёды з цікавасцю і захапленнем слухалі дарослыя і дзеці.
Уменне выслухаць, даць трапную параду, пабожнае выкананне рэлігійных практык садзейнічала фарміраванню станоўчага аўтарытэту святара сярод парафіянаў. Ксёндз Аляксандр шмат працаваў з дзецьмі і моладдзю, таму менавіта моладзь ад імя парафіяльнай супольнасці выказала словы ўдзячнасці святару за яго душпастырскую дзейнасць.
Развітваючыся з вікарыем, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падзякаваў яму за падтрымку і дапамогу. Ксёндз Андрэй заахвоціў парафіянаў да малітвы за ксяндза Аляксандра, а таксама за ўсіх святароў, якія працавалі ў нашай парафіі, бо шчырая малітва найлепшая ўзнагарода святару за яго дзейнасць.

У сваю чаргу ксёндз Аляксандр папрасіў прабачэнне ў парафіянаў за ўчыненыя крыўды і, магчыма, недасканалы прыклад святарскага служэння.

Словы псальма на сённяшнюю нядзелю "Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана... "(Пс 40 (39), 5а) адпавядаюць падзеі дня. Жыццё імклівае і зменлівае. Згаджаючыся на Божую волю імкнёмся выканаць яе да канца.

Заахвочваем парафіянаў і наведвальнікаў сайта да малітвы ў інтэнцыі ксяндза Аляксандра і ўсіх святароў, якія працавалі ў нашай парафіі, каб яны неслі сваю паслугу спадзеючыся на Пана.

Жанна Закрэўская, тэкст, фота
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by