Божае Цела, укрытае ў алтарах
11 чэрвеня пасля святой Імшы а 12-ай гадзіне адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста, якую мы адзначалі ў мінулы чацвер.  Уславіць Хлеб вечнага жыцця праз супольную малітву сабралася шматлікая колькасць вернікаў.
Эўхарыстычная працэсія, як праява супольнага выразу веры ў Бога, прысутнага ў Гостыі, заўсёды ўражвае велічнасцю і хараством. Папярэднічае гэтаму часцей незаўважная, аднак адказная і творчая праца па ўсталяванні і аздабленні алтароў. Па традыцыі першы алтар рыхтавалі бацькі дзяцей, якія ў гэтым годзе прынялі Першую святую Камунію, другі — моладзь, трэці — колы Жывога Ружанца, чацвёрты — удзельнікі Апостальства добрай смерці і Апостальства дапамогі душам чыстцовым.
Падчас шэсця вернікі традыцыйна спыняліся каля чатырох адмысловых алтароў, дзе чыталіся ўрыўкі са Святога Пісання. Гэтая лічба звязана з чатырма евангелістамі. Кожны з іх па-свойму гаворыць пра таямніцу Эўхарыстыі. Такім чынам мы глядзім на Пана, схаванага ў кавалку хлеба, вачыма апосталаў.
Завяршылася набажэнства спевам гімна Te Deum. На заканчэнне пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падзякаваў прысутным за ўдзел у працэсіі і супольную малітву, а таксама за патрыхтоўку ўрачыстасці. Святар адзначыў, што нашы знешнія праявы пашаны і любові да Бога не павінны абмяжоўвацца Імшой і працэсіяй. Сведчанне сваёй любові да Пана мы павінны выражаць праз чыстыя думкі, хрысціянскія паводзіны, шчырыя словы, здольныя суцяшаць і дапамагаць, здольныя, перадусім, несці іншым Божае святло.

Жанна Закрэўская

11.06.2023
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by