Закрыццё імпрэзы адбылося 14 жніўня. А 10-ай гадзіне парафіяне, госці і ўдзельнікі пленэру сабраліся разам на святой Імшы каб вызнаць сваю веру, скласці словы ўдзячнасці Пану Богу за атрыманыя ласкі. Падчас гаміліі, разважаючы над Евангеллем і спасылаючыся на словы Папы Францішка, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі доктар тэалогіі ксёндз Сяргей Сурыновіч адзначыў: "Касцёл добра ведае, што ў ходзе гісторыі непазбежна ўзнікаюць канфлікты інтарэсаў паміж рознымі сацыяльнымі групамі і што перад тварам такіх канфліктаў хрысціяне павінны прыняць сумленную і паслядоўную пазіцыю, і, у святле Хрыста, перапоўненую любоўю і гатоўнасцю служыць іншаму чалавеку. Сёння, як ніколі, існуе вялікая патрэба сведчання хрысціянскай любові ў нашых сем'ях, паміж намі, паміж тымі людзьмі, якія сустракаюць адзін аднаго выпадкова. Служэнне бліжняму ў любові... Няхай пасярод любых цяжкасцяў і выпрабаванняў Бог дасць нам жаданне прыняць Яго абяцанне евангельскага шчасця, каб нам па-сапраўднаму быць сынамі і дочкамі Айца Нябеснага, які адорвае кожнае імгненне нашага жыцця сваёй любоўю, вучачы дзяліцца з бліжнім любоўю, якая паходзіць з Хрыста".