Невялікая, але вельмі прыгожая юбілейная святыня, магчыма, не часта прымае такую вялікую колькасць вернікаў, таму з радасцю і цеплынёй прытуліла беларускіх пілігрымаў. Знакавым стаў той факт, што нядзельную гамілію да вернікаў прамовіў капуцын з Маладзечна – айцец Уладыслаў Мінько, які засяродзіў увагу на Слове Божым і акрэсліў ролю малітвы ў жыцці кожнага верніка. Святар заахвоціў не толькі адкрываць падчас малітвы перад Панам свае праблемы і цяжкасці, але адчыніць сваё вуха і сваё сэрца на голас Бога, каб зразумець, у чым ёсць Яго воля. Тады малітва стане сапраўднай сувяззю з нашым Створцам.
Пасля Эўхарыстыі ахвотныя змаглі наведаць крыпту, у якой спачываюць імператары Рымскай і Аўстрыйкай імперыі, а таксама чальцы іх сем'яў з дому Габсбургаў. У Вене, перад начным пераездам, пілігрымы затрымаліся на час абавязковага адстойвання аўтобусаў. Гэта дало магчымасць шырэй пазнаёміцца з гістарычнай часткай горада, наведаць знакаміты Сабор Святога Стэфана і памаліцца ў касцёле капуцынаў, які, з ласкі кусташа, заставаўся адчыненым для пілігрымаў да часу іх ад’езду ў Падую.
Пілігрымаў, якія прыбылі ў падуанскую юбілейную святыню – Базыліку Святога Антонія, чакаў неспадзяваны і вельмі прыемны сюрпрыз. Прыняць удзел у Эўхарыстыі і памаліцца разам з пілігрымамі прыбылі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, якія знаходзіліся ў Рыме з нагоды святкавання юбілейнага года.