WYSIWYG Web Builder
Пілігрымка "Друя-Росіца"
30 ліпеня з Друі ў Росіцу вырушыла чарговая пешая пілігрымка пад кіраўніцтвам айцоў марыянаў. За тры дні пілігрымы пераадолеюць шлях амаль у 90 км каб ушанаваць росіцкіх пакутнікаў бласлаўлёных Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча, якія аддалі сваё жыццё з любові да Бога і бліжняга.
Вернікі з розных куточкаў Беларусі пад кіраўніцтвам а.Іллі Саўчанкі МІС з Оршы распачалі свой шлях з Друі —  калыскі айцоў марыянаў, каб у чарговы раз здзейсніць сваё духоўнае падарожжа. Кожны пілігрым мае сваю мэту супольнага пілігрымавання. Гэта і просьбы аб здароўі для сябе і сваіх блізкіх, перапрашэнне за грахі і правіны, падзяка Богу за атрыманыя ласкі і шматлікія іншыя інтэнцыі.

Сёлятняя пілігрымка "Друя-Росіца" адметная тым, што пераважная большасць яе ўдзельнікаў — гэта моладзь, падлеткі і маладыя сем'і з дзецьмі. Наймалодшы пілігрым мае толькі два з паловай гады, а яго старэйшы брат  — сем. Яны разам з мамай і татам прыехалі з Мінска, каб далучыцца да пілігрымкі.
Пілігрымка — гэта заўсёды шлях да Бога: у малітве, разважанні, пераадольванні перашкодаў. Адмовіцца ад выгод і выйсці з зоны камфорту, каб сведчыць праз любоў Хрыста — на гэта здольныя не ўсе. Вялікая ласка Пана ў тым, што кожны год знаходзяцца ахвотныя скарыстацца магчымасцю пазнаць сябе і Бога, праходзячы доўгія кіламетры ў спякоце па гарачым асфальце, пад дажджом, у пыле, але перадусім — у малітве.

Цяжкасці і выпрабаванні не спыняюць пілігрымаў. Часамі прыходзіцца сканцэнтраваць свае сілы, каб прайсці апошнія кіламетры, каб дарыць лагодную ўсмешку тым, каго сустракаеш на шляху, але ўсё гэта  не дарэмна, бо, на ўзор росіцкіх пакутнікаў, здяйсняецца на хвалу Пана.

Жанна Закрэўская

30.07.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by