Пілігрымка "Росіца-Будслаў"
28 чэрвеня з Росіцы вырушыла першая пешая пілігрымка з Віцебскай дыяцэзіі да Маці Божай Будслаўскай. Арганізатары васьмідзённай пілігрымкі айцы марыяне. Духоўным кіраўніком пілігрымкі з'яўляецца айцец Аляксандр Жарнасек МІС з Росіцы. 29 чэрвеня наша парафія прымала пілігрымаў.
У складзе пілігрымкі вернікі з розных куточкаў Беларусі: Астраўца, Віцебска, Ваўкавыска, Глыбокага, Ліды, Мінска... Сярод іх ідуць і сёстры Пальчэх з Міёр.  Пераважная большасць удзельнікаў — вопытныя пілігрымы. Многія пераадольваюць шлях з Росіцы да Будслава не першы раз.
Аднак ёсць і тыя, хто ідзе ў пілігрымку ўпершыню. Не ўсім лёгка даецца шлях пад спякотным сонцам, аднак усе свае цяжкасці пілігрымы давяраюць Маці Божай і шчыра дзякуюць за кожны пройдзены дзень.
Другі дзень пілігрымкі ляжаў праз Міёршчыну. Як заўсёды сардэчна частавалі абедам вернікі з Далгінава, а нашы парафіяне прынялі падарожных на начлег. Пілігрымы ўдзячныя ўсім, хто сустракае іх на шляху. Да сваіх уласных інтэнцый, яны далучаюць малітву за ўсіх дабрадзеяў.

Пасля святой Імшы а 8-ай гадзіне і бласлаўлення на дарогу, пілігрымы вырушылі ў шлях. Да росіцкай пілігрымкі далучыліся новыя ўдзельнікі, каб праз малітвы і спевы праслаўляць Найсвяцейшую Панну Марыю і Пана Бога.

Жанна Закрэўская

30.06.2024
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by