Шчаслівыя чыстыя сэрцам
23 жніўня на святой Імшы а 12-ай гадзіне 15 дзяцей прынялі Першую Святую Камунію. Раздзяліць радасць свята разам з дзецьмі і іх бацькамі прыйшлі шматлікія вернікі.

Напачатку Літургіі бацькі блаславілі сваіх дзяцей, а потым ўрачыстай працэсіяй увайшлі ў касцёл. Радасць у вачах, шчаслівыя ўсмешкі ззялі на тварах дзяцей, якія праз некалькі хвілін упершыню прымуць Цела Хрыста.

Падчас гаміліі ксёндз-пробашч Андрэй Кулік адзначыў: "Сённяшняя святая Імша адрозніваецца ад іншых. Мы прыйшлі раздзяліць радасць парафіяльнай супольнасці: нашы дзеці першы раз прымуць Цела Хрыста. Яны ў поўнай меры будуць удзельнічаць у гасціне Хрыста, якую Ён для нас пакінуў. Сёння мы глядзім на прыгожых, маленькіх нашых дзетак, радуемся з імі і за іх. Незважаючы на знешнюю прыгажосць, бачым таксама чысціню дзіцячай душы, якая ўсвядоміла і вызнала свае першыя грахі. Душы, якая ў сваёй чысціні хоча з'яднацца з Хрыстом, якому ўжо паверыла..."

Святар узгадаў, што падчас хросту бацькі абяцалі выхоўваць сваіх дзяцей у веры. Першы этап гэтага абяцання сёння яны выканалі, але на гэтым заданне бацькоў не заканчваецца. Неабходна каб дзеці і далей паглыблялі веру і ішлі гэтай дарогай веры.

Ксёндз Андрэй заклікаў усіх зрабіць пастанову, каб у цыкле тыдня найважнейшым для кожнага з нас стала нядзельная Эўхарыстыя, бо калі Бог будзе на першым месцы, усё астатняе будзе на сваім месцы.

Пасля малітвы вернікаў адбылося ўрачыстае прынашэнне дароў. Эўхарыстычная літургія... І вось доўгачаканы абрад Камуніі. Дзеці з хваляваннем становяцца на калені перад алтаром, каб у прысутнасці ўсёй супольнасці першы раз прыняць Цела Хрыста.

На завяршэнне Літургіі адбылося традыцыйнае асвячэнне малітоўнікаў і ружанцаў, якія потым уручылі дзецям разам з пасведчаннямі аб прыняцці Першай Святой Камуніі. Пробашч нагадаў, што гэты рэлігійныя рэчы не павінны быць толькі напамінам дзецям аб Першай Святой Камуніі, але служыць для іх духоўнага ўзрастання.

Напрыканцы Імшы бацькі выказалі словы ўдзячнасці за падрыхтоўку дзяцей да прыняцця сакрамантаў Першай Споведзі і Першай Камуніі святарам і катэхетцы Наталлі Гарноўскай. Завяршылася свята супольным фотаздымкам.

Жанна Закрэўская
23.08.2020


Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by