Святая Камунія – гэта сакрамант хрысціянскай сталасці, які ўводзіць у паўнату духоўнага жыцця. Падчас казання пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падкрэсліў, што рыхтуючыся да сакрамантаў споведзі і Камуніі, дзеці вывучалі запаведзі і асноўныя праўды Каталіцкай веры. Асноўнымі запаведзямі, на якіх грунтуецца наша хрысціянскае жыццё — гэта запаведзі Любові. Мы павінны навучыцца любіць бліжняга, як самога сябе і нават мацней. Прыклад такой любові нам дае сам Езус Хрыстус, які аддаў сваё жыццё на крыжы за кожнага з нас. Гэта прыклад бескарыслівай і адданай любові. "Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» — кажа Пан (Ян 6, 54). Бог хоча, каб мы прыходзілі да Яго, удзельнічалі ў Эўхарыстыі, спажывалі Яго Цела, а ў дар нам дае жыццё вечнае. Эўхарыстыя — гэта найбольшы Божы дар, хай ён умацоўвае нашых дзяцей і прыносіць багаты плён.
Пасля гаміліі, трымаючы ў руках запаленыя ад пасхала свечкі, дзеці аднавілі абяцанні хросту. Завяршылася літургія слова малітвай вернікаў і прынашэннем дароў.