А 15-ай гадзіне распачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег. У Эўхарыстыі бралі ўдзел дэкан Мёрскі ксёндз Андрэй Кулік, айцец Чэслаў Курэчка МІС з Росіцы і ксёндз Аляксандр Грыцкевіч з Верхнядзвінска.
На пачатку Імшы ксёндз Вячаслаў Адамовіч заўважыў, што Маці Божая ў чарговы раз збірае нас ў сваёй святыні на супольную малітву. Адзначаючы дваццаціпяцігоддзе кансэкрацыі святыні праз рукі Марыі хочам занесці падзяку Пану Богу за магчымасць існавання касцёла ў Павяцці, за тых людзей, якія прычыніліся да яго будаўніцтва, за ўсіх святароў, якія тут служылі і ўсіх вернікаў, якія праз малітву і працу падтрымліваюць існаванне святыні.
"Велічны Бог у сваёй святыні, Бог Ізраэля. Ён дае сілу і моц свайму народу, Бог Благаслаўлёны" — звярнуўся да прысутных словамі Псальма біскуп Алег Буткевіч (пар. Пс 68(67), 36). Іерарх адзначыў, што знакам веры людзей, якія жывуць на той ці іншай тэрыторыі з'яўляецца святыня. Месца, дзе складаецца Эўхарыстычная ахвяра. Месца сустрэчы чалавека з Богам. І, як сведчыць Святое Пісанне, — гэта месца з'яўляецца знакам Божага благаслаўлення. Бо ўсё што мы робім і да чаго імкнёмся, без Божай апекі і Божага благаслаўлення застаецца бясплённы. Таму мы сёння дзякуем Богу і ўзгадваем тых людзей, без якіх не было б гэтай святыні.