WYSIWYG Web Builder
Пасвячэнне дыяканату адбылося ў Глыбокім
Суботні дзень, прысвечаны ўспаміну Божай Маці, Апякункі вернікаў і ўсіх хрысціян, стаў у нейкім сэнсе ўнікальным для Каталіцкага Касцёла на Беларусі. 24 мая 2025 года ў парафіі Святой Тройцы адбылося пасвячэнне ў дыяканы чатырох кандыдатаў: семінарыстаў рыма-католікаў Антона Тышко і Андрэя Януля, а таксама семінарыстаў візантыйскага абраду Арцёма Калугіна і Валерыя Гаўрута.
Гэта вялікая радасць і для Глыбоцкай парафіі, бо семінарысты Антон і Арцём з’яўляюцца яе землякамі, і для Віцебскай дыяцэзіі, дзе за доўгі час дыяканскія пасвячэнні адбываюцца ўпершыню, і для Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы.

Напачатку Імшы да прысутных звярнуўся ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Іерарх прывітаў апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, саветніка нунцыятуры ў Грузіі і Арменіі ксяндза пралата Аляксандра Рагіню, рэктара Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне ксяндза каноніка Віталія Вайцяхоўскага, усіх святароў і кансэкраваных асоб, вернікаў, якія ў гэты дзень прыбылі, каб ахінаць малітвай будучых дыяканаў.
Пасля Літургіі слова пробашч парафіі ксёндз канонік Мікалай Ціхановіч звярнуўся да біскупа з просьбай удзяліць пасвячэнне дыяканату і засведчыў, што кандыдаты падрыхтаваныя і гатовыя прыняць пасвячэнне.

Падчас гаміліі біскуп Алег падкрэсліў радасны момант: у наш час, калі Касцёл перажывае крызіс пакліканняў, адбудзецца пасвячэнне ажно чатырох кандыдатаў. Дыяканы пачнуць выконваць шматлікія функцыі і стануць запатрабаванымі ў тых парафіях, дзе будуць служыць.

“Сёння ў нашых сэрцах вялікае пытанне і прагненне: “Што трэба зрабіць, каб кандыдаты вытрывалі ў пакліканні? Бог абірае сабе неідэальных і недасканалых слуг, а людская натура вельмі слабая. Але праз служэнне Пану і выпрабаванні, якія праходзім разам з Ім, мы ўмацоўваемся ў веры, і ўмацоўваем веру людзей, якім служым. Хай жа Езус Хрыстус будзе вашым прыкладам і Вашай падтрымкай.”

Наступнай часткай Літургіі былі абяцанні, якія кандыдаты склалі на рукі біскупа.
Кранальным момантам стала малітва Літаніяй да ўсіх Святых, падчас якой семінарыcты ляжалі крыжам перад алтаром, а вернікі звярталіся з малітвай да супольнасці Нябесных Заступнікаў.

Затым адбылося ўскладанне рук, пасля чаго дыяканы, апрануўшы стулу і дальматыку, атрымалі Евангелле з рук біскупа і знак супакою.

На заканчэнне ўрачыстасці словы ўдзячнасці да прысутных святароў, бацькоў і вернікаў скіравалі новапасвечаныя дыяканы.
Пасля ўрачыстага бласлаўлення хор “Аve Maria” выканаў традыцыйны спеў “Езус ішоў узбярэжжам”, які падхапіў кожны прысутны ў храме.

Catholicnews.by

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by