Падчас гаміліі, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік адзначыў, што распачынаючы святкаваць вялікую таямніцу нашай веры, якую Ян Евангеліст акрэсліў словамі: "а Слова сталася целам і пасялілася між намі" мы ў чарговы раз усведамляем сабе вялікую і важную праўду аб тым, што сапраўды "так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае" Ян 3,16.
Святар падкрэсліў, што Бог аб'яўляецца свету як дзіцяці. Менавіта такім чынам Ён супрацьпастаўляе сябе ўсялякаму насіллю і прыносіць вестку аб міры ў кожную эпоху і кожнаму пакаленню людзей. Пан не стамляецца прапаноўваць свой дар чалавецтву: "Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною" (Ап 3, 20). Якім жа спакоем і надзеяй вее ад гэтых слоў Хрыста. Усяго толькі пачуць стук і адчыніць дзверы. Такія простыя ўмовы нам трэба выканаць для сустрэчы з Панам — і вось ты ўжо прымаеш у сваім доме Хрыста. Моцны Бог, Князь Супакою — як кажа прарок Ісая — прыходзіць да нас сёння ў постаці Немаўляці, такім чынам Пан прымае звыклы для нас вобраз, каб не страх перад моцай Божай, але захапленне і любоў да Дзіцяці было тым, што звязвае нас з Ім.
Радаснаму і ўзнёсламу перажыванню Вігіліі Божага Нараджэння спрыяла атмасфера, якая панавала ў касцёле. Адмысловыя дэкарацыі, імправізаваныя яслі, выстава дзіцячых малюнкаў і стаенак, цудоўныя спевы парафіяльнага хору пад кіраўніцтвам Яўгеніі Баговіч і непаўторныя акампаніменты аргана і скрыпкі краналі душу і напаўнялі яе супакоем і радасцю.