WYSIWYG Web Builder
У нядзелю Божай Міласэрнасці ў Пагошчы адбыўся парафіяльны адпуст
У Нядзелю Божай Міласэрнасці, якую Каталіцкі Касцёл у гэтым годзе адзначыў 7 красавіка, у парафіі Божай Міласэрнасці ў Пагошчы, што ў Браслаўскім дэканаце, адзначылі адпустовую ўрачыстасць. Канцэлебраваную святую Імшу ўзначаліў дэкан Мёрскі ксёндз Андрэй Кулік.
На ўрачыстасць у храме сабраліся мясцовыя вернікі, а таксама госці з парафій Браслаўскага дэканату і Мёраў. Святая Імша распачалася а 14-ай гадзіне. На пачатку Імшы з прывітальным словам да вернікаў звярнуўся пробашч парафіі ксёндз Славамір Самковіч, які папрасіў ксяндза Андрэя Куліка ўзначаліць Эўхарыстыю і прамовіць гамілію.
Разважаючы над словамі Евангелля паводле Яна, ксёндз Андрэй Кулік падкрэсліў, што апосталы, якія сабраліся разам, без Езуса Хрыста яшчэ не былі Касцёлам. Езус Хрыстус ёсць тым, хто дае містычнаму целу Касцёла жыццё. Вобраз уваскрослага Пана, які прайшоў праз замкнёныя дзверы ў пакой, дзе прабывалі апосталы, мае сёння важнае значэнне для кожнага з нас: Езус уваходзіць у маё жыццё і пераадольвае ўсе бар'еры, каб я не баяўся таго, што за гэтымі зачыненымі дзвярыма. Толькі з Хрыстом нашае жыццё набірае сэнс і супольнасць Касцёла жыве паўнавартнасным рэлігійным жыццём. Сёння, паўтараючы словы Тамаша: "Пан мой і Бог мой",  — мы вызнаём, што Пан валадар майго жыцця і Бог, якога я спадзяюся ўбачыць ў вечнасці.

У нядзелю Божай Міласэрнасці мы глядзім на Пана, які няхуткі на гнеў і пакаранне і хоча прабачаць і дараваць нашыя правіны. Бог гатовы зрабіць у наш бок сотні крокаў, калі толькі мы зробім хоць адзін крок насустрач Яму. Хай нашая надзея на тое, што нашае жыццё можа атрымаць рэальнае збаўленне праз Божую Міласэрнасць, стане для нас падмуркам сапраўднага хрысціянскага жыцця.
На заканчэнне ўрачыстай Літургіі перад Найсвяцейшым Сакрамантам усе разам памаліліся літаніяй да Божай Міласэрнасці. Кульмінацыяй свята стала Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.
Завяршылася ўрачыстасць супольным спевам гімна Te Deum і бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.

Жанна Закрэўская

07.04.2024
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by