Устанавіць гэтае свята загадаў сам Езус Хрыстус праз сястру Фаўстыну Кавальскую, да якой Ён прамовіў: “Прагну, каб першая нядзеля па Вялікадні была святам Міласэрнасці” (Дз. 299). “Прагну, каб свята Міласэрнасці было паратункам і прытулкам для ўсіх душаў, і асабліва для бедных грэшнікаў. У гэты дзень адкрытыя глыбіні Маёй Міласэрнасці.(…) Тая душа, якая прыступіць да споведзі і святой Камуніі, атрымае поўнае адпушчэнне правінаў і караў. У гэты дзень адкрыты ўсе Божыя каналы, па якіх сыходзяць ласкі“ (Дз.699).
У 1985 годзе кардынал Францішак Махарскі ўвёў свята ў Кракаўскай архідыяцэзіі. Затым тое ж у сваіх дыяцэзіях зрабілі некаторыя польскія біскупы. У 1995 годзе Папа Рымскі Ян Павел II афіцыйна ўвёў свята ў літургічны каляндар Польшчы. А ў дзень кананізацыі сястры Фаўстыны – 30 красавiка 2000 года – абвясціў Нядзелю Божай Міласэрнасці святам Паўсюднага Касцёла, якое па традыцыі адзначаецца ў апошні дзень актавы Вялікадня.
Згодна з воляй Езуса, у свята павінна адбывацца публічнае ўшанаванне абраза Божай Міласэрнасці, з амбон мусяць гучаць казанні аб міласэрнасці. У гэты дзень у кожнага ёсць магчымасць атрымаць поўны адпуст і пазбавіцца ад пакаранняў. Неабходна адбыць добрую споведзь (без прыхільнасці нават да найменшага граху) і прыняць Святую Камунію. Сакраманты павінны здзяйсняцца ў духу пабожнасці, звязаным з культам Божай Міласэрнасці: гэта значыць, у даверы Богу і дзейснай любові да бліжняга. Падрыхтоўкай да свята павінна быць чытанне Вяночка да Божай Міласэрнасці на працягу 9 дзён, пачынаючы з Вялікай пятніцы.
Каб служыць справе збаўлення, трэба пастаянна спасцігаць гэтую прыгожую таямніцу веры: разважаць над Міласэрнасцю Бога, выяўленай у сакрамантах, звяртацца да Святога Пісання і ўвесь час імкнуцца разледзець праявы Божай любові ва ўласным жыцці і ва ўсім свеце.
Яскравым прыкладам такога існавання з’яўляецца жыццё святой сястры Фаўстыны, якая прыйшла да ўсведамлення, што ўсё добрае ў чалавечым жыцці зыходзіць з міласэрнай любові Бога. “Твая міласэрнасць, – пісала яна ў сваім «Дзённіку», – як залатая нітка, што праходзіць праз усё нашае жыццё, захоўвае сувязь нашай існасці з Богам, і паколькі Яму для шчасця нічога не трэба, то ўсё гэта – толькі справа Яго міласэрнасці” (Дз. 1466).
Каб больш спасцігнуць таямніцу Божай Міласэрнасці, раім пачытаць "Дзённік" святой Фаўстыны. Разважаючы над яго зместам, мы не толькі ўзрастаем духоўна, але і набліжаемся да Хрыста Збаўцы.