WYSIWYG Web Builder
10 сакавіка — пачатак Навэнны да святога Юзафа
За дзевяць дзён да ўрачыстасці святога Юзафа, якая адзначаецца 19 сакавіка, распачынаецца Навэнна да святога Юзафа — традыцыйнае набажэнства на ўшанаванне святога Абранніка Багародзіцы.

Парадак навэнны:

 

  • Штодзённая малітва.
  • Разважанні на кожны дзень навэнны.
  • Малітвы Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
  • Літанія да святога Юзафа

 

Штодзённая малітва

 

О святы Юзэфе, Апякун Пана нашага Езуса Хрыста і найчысцейшы Абраннік Беззаганнай Панны Марыі. Вось я, нягодны твой паслядоўнік, аддаюся тваёй апецы і выбіраю цябе маім асаблівым апекуном, дарадчыкам і заступнікам перад Богам. Выпрасі для мяне ласку добрага жыцця і шчаслівай смерці разам з ласкаю, аб якой сёння я асабліва прашу цябе ў гэтай навэнне (…).

 

Першы дзень (10 сакавіка)

 

У Старым Запавеце Юзаф, сын Якуба, па Божай волі стаў правіцелем у Егіпце, каб ратаваць людзей ад смерці, а ў Новым Запавеце ты, святы Юзэфе, стаў уладаром і гаспадаром тых скарбаў, якія патрэбны нам для вечнага жыцця. Таму з вялікаю пашанаю і даверам мы звяртаемся да цябе ва ўсіх нашых патрэбах – і зямных, і духоўных, – упэўненыя, што Езус, які заўсёды быў паслухмяны табе на зямлі, выслухае цябе таксама і ў небе.

 

Другі дзень (11 сакавіка)

 

Святы Юзэфе, Айцец Нябесны не вагаўся, аддаючы табе ў апеку свайго Адзінароднага Сына. Ты прыняў Яго з любоўю, ты карміў, выхоўваў і даглядаў Яго з бацькоўскай клапатлівасцю. Мы тулімся да цябе з дзіцячым даверам і просім, каб ты пабацькоўску выслухаў нашыя просьбы, якія да цябе ўзносім, і захаваў нас ад усялякага зла.

 

Трэці дзень (12 сакавіка)

 

Святы Юзэфе, крыніца тваёй выключнай годнасці, цнатлівасці і хвалы – у Хрысце, побач з якім ты знаходзіўся кожны дзень, з якім ты размаўляў і працаваў. Выпрасі нам, святы наш апякуне, каб мы таксама штодня ўсведамлялі прысутнасць Хрыста, каб Ён асвячаў нас і ўсе нашыя справы.

 

Чацвёрты дзень (13 сакавіка)

 

Святы Юзэфе, пад тваёю апекаю рос Хлеб жыцця, дадзены нам з неба. Ты выхоўваў Яго з зярняці, каб Ён сабою накарміў людзей. Выпрасі нам ласку адчування эўхарыстычнага голаду, каб святая Камунія стала для нас крыніцаю спакою і задаткам хвалебнага ўваскрашэння.

 

Пяты дзень (14 сакавіка)

 

Святы Юзэфе, магутны наш апякуне, зло з вялікай сілаю ўваходзіць у нашае жыццё, выклікаючы неспакой у сумленні. Як «тленнасці зямныя», так і «нападкі шатана» не перастаюць нас спакушаць. Падтрымлівай нас магутнаю апекаю, каб мы, натхнёныя тваёю дапамогаю, маглі пабожна жыць, памерці ў святасці і дасягнуць жыцця вечнага.

 

Шосты дзень (15 сакавіка)

 

Галава Святой Сям’і, ты разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй і Збаўцам з’яўляешся найбольш дасканалым узорам сямейнага жыцця і ўсіх бацькоўскіх цнотаў. Выпрасі для нашых сем’яў ласку, каб мы маглі ўглядацца ў тваю Назарэтанскую Сям’ю і вучыцца сямейнаму жыццю ў спакоі і радасці.

 

Сёмы дзень (16 сакавіка)

 

Святы Юзэфе, Касцёл ушаноўвае цябе як свайго апекуна, заступніка і абаронцу, справядліва разлічваючы на тваю магутную дапамогу, таму што ты, як апякун і карміцель Хрыста на зямлі, надалей застаешся апекуном Яго Містычнага цела – Касцёла. Таму выпрасі ўсім нам ласку вернасці Хрысту, Яго Крыжу і Евангеллю.

 

Восьмы дзень (17 сакавіка)

 

Святы Юзэфе, магутны наш апякуне! Калісьці Юзаф, сын Якуба, па Божай волі стаў прычынаю благаслаўлення для спакутаванага Егіпта і суседніх краінаў. Просім цябе, каб твая прысутнасць, якая спрадвеку ўшаноўваецца ў нашым краі, у нялёгкія дні выпрабавання і цярпення прынесла плён Божага благаслаўлення для нас і нашых бліжніх.

 

Дзявяты дзень (18 сакавіка)

 

Святы Юзэфе, апякуне добрай смерці, у апошнія хвіліны жыцця побач з табою быў Збаўца і твая Найсвяцейшая Абранніца. Выпрасі нам такую ласку, каб мы маглі адысці з гэтага свету ў прысутнасці Езуса і Яго Беззаганнай Маці.

 

Літанія да св. Юзафа

 

Кірые, элейсон,

       Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.

Хрыстэ, пачуй нас,

       Хрыстэ, выслухай нас.

 

Ойча з неба, Божа,

       – змілуйся над намі.

Сыне, Адкупіцель свету, Божа,

       – змілуйся над намі.

Духу Святы, Божа,

       – змілуйся над намі.

Святая Тройца, адзіны Божа,

       – змілуйся над намі.

 

Святая Марыя,

       – малiся за нас.

Святы Юзэфе,

       – малiся за нас.

Слаўны патомак Давіда,

       – малiся за нас.

Святло патрыярхаў,

       – малiся за нас.

Абраннік Багародзіцы,

       – малiся за нас.

Ахоўнік Адкупіцеля,

       – малiся за нас.

Прачысты апякуне Панны,

       – малiся за нас.

Апякуне Сына Божага,

       – малiся за нас.

Клапатлівы абаронца Хрыста,

       – малiся за нас.

Слуга Хрыста,

       – малiся за нас.

Слуга збаўлення,

       – малiся за нас.

Галава Найсвяцейшай Сям’і,

       – малiся за нас.

Юзэфе найсправядлівейшы,

       – малiся за нас.

Юзэфе найчысцейшы,

       – малiся за нас.

Юзэфе наймудрэйшы,

       – малiся за нас.

Юзэфе наймужнейшы,

       – малiся за нас.

Юзэфе найпакорнейшы,

       – малiся за нас.

Юзэфе найвярнейшы,

       – малiся за нас.

Люстра цярплівасці,

       – малiся за нас.

Прыхільнік убоства,

       – малiся за нас.

Узор працуючых,

       – малiся за нас.

Аздоба сямейнага жыцця,

       – малiся за нас.

Апякуне паннаў,

       – малiся за нас.

Апора сем’яў,

       – малiся за нас.

Падтрымка ў цяжкасцях,

       – малiся за нас.

Суцяшэнне няшчасных,

       – малiся за нас.

Надзея хворых,

       – малiся за нас.

Апякуне выгнаннікаў,

       – малiся за нас.

Апякуне церпячых,

       – малiся за нас.

Апякуне бедных,

       – малiся за нас.

Апякуне паміраючых,

       – малiся за нас.

Пострах злых духаў,

       – малiся за нас.

Апякуне Касцёла святога,

       – малiся за нас.

 

Баранку Божы,

які бярэш на сябе грахі свету,

       – даруй нам, Пане.

Баранку Божы,

які бярэш на сябе грахі свету,

       – выслухай нас, Пане.

Баранку Божы,

які бярэш на сябе грахі свету,

       – змілуйся над намі.

 

С.: Устанавіў яго панам свайго дома.

Н.: І гаспадаром усіх сваіх уладанняў.

 

Молімся: Божа, Ты ў сваім цудоўным Провідзе ўчыніў святога Юзафа абраннікам Найсвяцейшай Маці Твайго Сына, дай, просім, каб, ушаноўваючы яго як нашага апекуна на зямлі, мы былі годныя яго заступніцтва ў небе. Праз Хрыста, Пана нашага.

Н.: Амэн.

 

 

Малітва да св. Юзафа

 

У цябе, святы Юзэфе, шукаем мы паратунку ў нашай нядолі. Звяртаючыся па дапамогу да тваёй Найсвяцейшай Абранніцы Панны Марыі, з даверам просім таксама тваёй апекі. Праз любоў, якая яднала цябе з Найсвяцейшай Багародзіцай, і праз тваю айцоўскую апеку, якою ты атуляў Езуса ў дзяцінстве, пакорна просім: глянь ласкава на спадчыну, якую Езус Хрыстус здабыў крывёю сваёю, і сваім магутным заступніцтвам дапамажы нам у патрэбах нашых.

 

Прадбачлівы апякуне Сям’і Божай, апякуйся абраным патомствам Езуса Хрыста. Адхілі ад нас, мілы ойча, усялякія памылкі і спакусы. Магутны наш абаронца! Прыйдзі да нас ласкава з нябеснаю дапамогаю ў гэтым змаганні з сіламі цемры і, як некалі ў дзяцінстве выратаваў Езуса ад небяспекі, якая пагражала Ягонаму жыццю, так цяпер барані святы Касцёл Божы ад варожых нападаў і ўсялякіх перашкодаў.

 

Атуляй кожнага з нас нястомнаю апекаю, каб мы, па тваім прыкладзе і тваёю дапамогаю падтрыманыя, маглі жыць у святасці, памерці пабожна і атрымаць вечнае шчасце ў небе. Амэн.

 

Catholic.by

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by