WYSIWYG Web Builder
Малітва за памерлых наш абавязак перад бліжнімі
Лістапад — асаблівы час малітвы за памерлых. Распачынаецца ён з урачыстасці Усіх Святых і наступнага ўспаміну Усіх памерлых вернікаў. У гэты час у нашых святынях і на могілках адбываюцца адмысловыя набажэнствы за памерлых. Важна па-хрысціянску і з поўным разуменнем падзей перажыць гэты час, скарыстаўшы ўсе сродкі для збаўлення нашых блізкіх, якія адыйшлі ў вечнасць.
Навошта маліцца за памерлых?

Адна з праўдаў нашай веры гаворыць пра тое, што ўсе вернікі-хрысціяне — тыя, якія яшчэ пілігрымуюць на зямлі; тыя, якія памерлі і ачышчаюцца ад наступстваў грахоў, а таксама тыя, якія ўжо радуюцца нябеснаму шчасцю, — утвараюць супольнасць у Хрысце і яднаюцца ў адзін Касцёл. Другі Ватыканскі Сабор яшчэ раз нагадаў пра тое, што "еднасць пілігрымуючых з тымі братамі, якія спачылі ў спакоі Хрыста, не прарываецца. Наадварот, паводле трывалай веры Касцёла яна ўмацоўваецца дзякуючы ўзаемаабмену духоўнымі дабротамі" (LG 49). Пілігрымуючы Касцёл з самага пачатку шанаваў памяць памерлых і навучаў, што "святая і збавенная думка — маліцца за памерлых, каб яны былі вызвалены ад грахоў" (пар.2 Мак 12,45).
(паводле брашуры "Апостальства дапамогі душам чыстцовым", 2015г.)

Памерлыя маюць патрэбу ў нашай любові, выказанай у малітве. Яны маюць патрэбу ў гэтым праменьчыку святла, каб трапіць у дом Айца. Малітва за памерлых — гэта важны абавязак, бо нават калі яны адышлі ў стане ласкі і прыязнасці з Богам, магчыма, ім патрэбна яшчэ апошняе ачышчэнне, каб дасягнуць радасці неба (пар. Ян Павел ІІ, Разважанне перад малітвай Angelus, 2 лістапада 2003 г.).

Як можна дапамагчы душам, якія церпяць у чыстцы?

Мы не ведаем дакладна, у якім стане адышлі ў вечнасць нашы блізкія, таму імкнёмся выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі для іх збаўлення. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла навучае: "З прычыны еднасці святых вернікі, якія яшчэ пілігрымуюць на зямлі, могуць дапамагчы чыстцовым душам, ахвяруючы за іх малітвы ўміласціўлення, асабліва эўхарыстычную Ахвяру, а таксама міласціну, адпусты і справы пакаяння." (ККК 1032)

З нагоды актавы Усіх Святых на парафіяльных могілках адбылося адмысовые набажэнства. Разам з дыяканам Антонам Тышко вернікі памаліліся на ружанцы за святароў, бацькоў, родных і блізкіх, настаўнікаў і дабрадзеяў, а таксама за ахвяраў войнаў і душы памерлых, аб якіх ніхто не моліцца.
Увечары ва ўрачыстасць Усіх Святых традыцыйна распачалося адмысловае набажэнства — Нешпары за памерлых. Нешпары разам з выпамінкамі будуць чытацца на вячэрняй Імшы на працягу актавы (з 1 па 8 лістапада). Заахвочваем вернікаў да ўдзелу ў набажэнстве.

Памятайма таксама, што ва ўрачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых вернікаў можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за душы, якія пакутуюць у чыстцы. Для гэтага трэба прыняць удзел у святой Імшы, быць у стане асвячальнай ласкі і прыняць святую Камунію, памаліцца «Ойча наш» і «Веру ў Бога», а таксама памаліцца ў намерах Святога Айца. Адпуст можна ахвяраваць за душу аднаго памерлага: адзін дзень — адзін адпуст. З 1 па 8 лістапада можна атрымаць поўны адпуст за наведванне могілак, выканаўшы таксама вышэй згаданыя ўмовы.


Жанна Закрэўская

01.11.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by