А 13-ай гадзіне адбылася святая Імша ў капліцы на новых парафіяльных могілках. Падчас гаміліі пробашч парафіі кс.Андрэй Кулік адзначыў: "Штогод збіраючыся тут у пачатку лістапада, каб узгадаць нашых блізкіх памерлых, мы не толькі даём сведчанне, што па-людску гэтыя людзі жывуць у нашых сэрцах, важныя для нас, але таксама сцвярджаем праз сваю малітоўную падтрымку, што мы верым ва ўваскрашэнне памерлых і вечнае жыццё. Наша малітва з аднаго боку паказвае, што мы слабыя людзі і робім памылкі, а з другога — разлічваем на Божую міласэрнасць, што людзі, якія адышлі ў вечнасць, не спазналі асуджэнне. Мы не ведаем, дзе знаходзяцца душы блізкіх памерлых. Нават калі яны атрымоўваюць узнагароду ў Божым Валадарстве і наша малітва ім ужо не патрэбна, яна не будзе дарэмнай, а дапаможа тым, хто церпіць у чыстцы."
Завяршаючы гамілію святар заахвоціў вернікаў не стамляцца маліцца і рабіць учынкі міласэрнасці, каб злучыўшы іх з выпрабаваннямі жыцця, скласці ў ахвяру Пану Богу за душы чыстцовыя.