WYSIWYG Web Builder
Клерык Міхаіл Вішнеўскі SDB склаў вечныя манаскія абяцанні
16 жніўня ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля наш зямляк клерык Міхаіл Вішнеўскі SDB склаў свае вечныя манаскія абяцанні на рукі рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Падтрымаць кандыдата ў такі адказны жыццёвы момант сабралася вялікая салезіянская сям'я, яго родныя і блізкія. На ўрачыстасці прысутнічала шмат моладзі, паўсюль панаваў добразычлівы і радасны настрой, што ў поўнай меры адпавядае салезіянскаму духу, адметнымі рысамі якога з’яўляюцца вера ў Божы Провід, душпастырская любоў да моладзі, аптымізм і радасць, укаранёная ў блізкіх адносінах з Богам.

На пачатку Літургіі біяграфію кандыдата зачытаў ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Яе важным момантам стаў той факт, што з дзейнасцю салезіянскай супольнасці Міхаіл Вішнеўскі ўпершыню пазнаёміўся менавіта ў парафіі Святога Яна Хрысціцеля падчас футбольнага турніру “Кубак дона Боско”, на які яго запрасілі сябры.

Гэты факт закрануў у сваім слове да вернікаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB: "Сёння мы ўдзельнічаем у падзеі, якая пакідае след не толькі ў нашых сэрцах, але і ў гісторыі салезіянскай супольнасці. Гэта гісторыя пачалася тут у 2013 годзе. Малады чалавек Міхаіл прыйшоў гуляць у футбол і нават не здагадваўся, што гэты дзень стане новай старонкай у яго жыцці. З таго часу пачалося знаёмства з харызмай супольнасці, якое паўплывала на яго пакліканне. <...>Сёння мы бачым, як маленькая іскрынка ператварылася ў вогнішча, якое асвятляе шлях не толькі для Міхаіла, але і тых, каго ён сустракае на сваёй жыццёвай дарозе."

Засяродзіўшы ўвагу на духоўным плёне шлюбаў, якія складае кандыдат — паслухмянасці, убоства і чысціні —настаяцель, звяртаючыся да Міхаіла, падкрэсліў: "Складаючы вечныя шлюбы ты вяртаешся ў тое ж месца, але не хлопцам з мячом у руках, а дарослым мужчынам з Евангеллем у сэрцы. Тады ў 2013 годзе Бог зрабіў першы пас у тваю душу і ты яго прыняў. Цяпер, пасля некалькі гадоў трэніроўкі, пасля матчаў выпрабаванняў, перамог і паражэнняў, ты выходзіш на новае поле — салезіянскае поле жыцця, дзе галоўная мэта не забіць гол, а прывесці да Неба тых, каго Пан табе даверыць. <...>Вечныя шлюбы — гэта пастаяннае імкненне да святасці праз служэнне Богу. Няхай радасць сённяшняга дня будзе поўнай і чыстай, і спадарожнічае на ўсіх тваіх шляхах, каб праз цябе яна даходзіла да тых, хто сёння яшчэ не ведае Бога."

Пасля гаміліі, трымаючы ў руках запаленую свечку, як сімвал Хрыста, Міхаіл Вішнеўскі склаў вечныя манаскія абяцанні ў Таварыстве святога Францішка Сальскага.
Напрыканцы Эўхарыстыі Міхаіл Вішнеўскі SDB падзякаваў бацькам, салезіянскай сям’і, моладзі і ўсім прысутным за супольную малітву і падтрымку. З важнай падзеяй у жыцці салезіяніна павіншавалі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, моладзь, родныя і блізкія.

Словы ўдзячнасці салезіянскай супольнасці выказала маці Міхаіла — Ганна Пятроўна, якая, між іншым, заўважыла, што за час фармацыі сына, яна таксама пазнаёмілася з супольнасцю і таму ўпэўнена, што аддае яго ў надзейныя рукі.

Завяршылася ўрачыстасць гульнямі і забавамі для моладзі.
З нагоды ўрачыстай падзеі Міхаіл Вішнеўскі даў кароткае інтрэв'ю для нашага сайта.

Хто стаў для вас прыкладам веры?

Прыкладам моцнай веры і вялікай любові да Бога з дзяцінства для мяне была матуля. Якая, нягледзячы на розныя выпрабаванні і цяжкасці, заўсёды з даверам і бясконцай надзеяй звярталася да нашага Нябеснага Айца. Так з дзяцінства бачучы яе прыклад і ў маім сэрцы разгараўся агеньчык веры.


Як зарадзілася і хто паўплываў на ваша пакліканне?

Першыя думкі аб духоўным пакліканні пачалі з’яўляцца яшчэ ў школе, а менавіта калі пачаў служыць як міністрант у мёрскім касцёле. Прыкладам былі святары, якія служылі ў роднай парафіі: кс. Уладас Пятрайціс і кс. Крыштаф Мякіна. На ўзрастанне і распазнанне паклікання паўплывалі таксама і іншыя святары. Калі вучыўся ў Віцебску — гэта быў тагачасны пробашч парафіі Святога Антонія кс. Алег Буткевіч. Калі працаваў у Барысаве — то кс. Вячаслаў Пялінак, які вёў цікавыя і натхняльныя катэхэзы для моладзі. Іх шчырыя і жывыя адносіны з Богам, адданае пастырскае служэнне і духоўны запал, мелі ў сабе штосьці, што прыцягвала і ўзбуджала думкі аб пакліканні і ў мяне.

Чаму менавіта салезіяне?

Іх харызмат служэння моладзі ў духу св. Яна Боско быў вельмі блізкі майму сэрцу. Адразу пасля знаёмства з братамі салезіянамі мяне вельмі захапіў стыль іх служэння моладзі, адкрытасць на кожнага маладога чалавека ў прастаце і сціпласці з аптымізмам і радасцю.

Якія вашы далейшыя крокі ў супольнасці?

З верасня я буду працягваць вучобу на трэцім курсе ў Турыне ў Салезіянскім пантыфікальным універсітэце (Universitа Pontificia Salesiana), якая завяршыцца напісаннем працы па тэалогіі. Пасля заканчэння 3 курса і абароны працы ў чэрвені наступнага года плануецца дыяканскае пасвячэнне. Далей, па правілах нашай кангрэгацыі, неабходна на працягу года прайсці фармацыю ў супольнасці, а затым адбудзецца святарскае пасвячэнне.


Жанна Закрэўская, тэкст
Вольга Вішнеўская, фота

17.08.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by