Малітва за памерлых шлях для нашага збаўлення
Лістапад — асаблівы час малітвы за памерлых. Распачынаецца ён з урачыстасці Усіх Святых і наступнага ўспаміну Усіх памерлых вернікаў. У гэты час у нашых святынях і на могілках адбываюцца адмысловыя набажэнствы за памерлых. Важна па-хрысціянску і з поўным разуменнем падзей перажыць гэты час, скарыстаўшы ўсе сродкі для збаўлення нашых блізкіх, якія адыйшлі ў вечнасць.
Навошта маліцца за памерлых?

Адна з праўдаў нашай веры гаворыць пра тое, што ўсе вернікі-хрысціяне — тыя, якія яшчэ пілігрымуюць на зямлі; тыя, якія памерлі і ачышчаюцца ад наступстваў грахоў, а таксама тыя, якія ўжо радуюцца нябеснаму шчасцю, — утвараюць супольнасць у Хрысце і яднаюцца ў адзін Касцёл. Другі Ватыканскі Сабор яшчэ раз нагадаў пра тое, што "еднасць пілігрымуючых з тымі братамі, якія спачылі ў спакоі Хрыста, не прарываецца. Наадварот, паводле трывалай веры Касцёла яна ўмацоўваецца дзякуючы ўзаемаабмену духоўнымі дабротамі" (LG 49). Пілігрымуючы Касцёл з самага пачатку шанаваў памяць памерлых і навучаў, што "святая і збавенная думка — маліцца за памерлых, каб яны былі вызвалены ад грахоў" (пар.2 Мак 12,45).
(паводле брашуры "Апостальства дапамогі душам чыстцовым", 2015г.)

Памерлыя маюць патрэбу ў нашай любові, выказанай у малітве. Яны маюць патрэбу ў гэтым праменьчыку святла, каб трапіць у дом Айца. Малітва за памерлых — гэта важны абавязак, бо нават калі яны адышлі ў стане ласкі і прыязнасці з Богам, магчыма, ім патрэбна яшчэ апошняе ачышчэнне, каб дасягнуць радасці неба (пар. Ян Павел ІІ, Разважанне перад малітвай Angelus, 2 лістапада 2003 г.).

Як можна дапамагчы душам, якія церпяць у чыстцы?

Мы не ведаем дакладна, у якім стане адышлі ў вечнасць нашы блізкія, таму імкнёмся выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі для іх збаўлення. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла навучае: "З прычыны еднасці святых вернікі, якія яшчэ пілігрымуюць на зямлі, могуць дапамагчы чыстцовым душам, ахвяруючы за іх малітвы ўміласціўлення, асабліва эўхарыстычную Ахвяру, а таксама міласціну, адпусты і справы пакаяння." (ККК 1032)
Што такое выпамінкі і як іх пісаць?

У актаву Усіх Святых у касцёлах адпраўляюцца святыя Імшы за памерлы, падчас якіх чытаюцца выпамінкі — імёны тых, хто адышоў у вечнасць. Такія Імшы часта называюцца складковымі, бо ў час Эўхарыстыі просьбы розных вернікаў аб малітве злучаюцца (складваюцца) разам. 

Каб памаліцца за сваіх родных і блізкіх, якія адышлі ў вечнасць, вернікі да 1 лістапада падаюць у сакрыстыю карткі з іх імёнамі. Пісаць імёны неабходна разборліва, у назоўным склоне так, як чалавек быў ахрышчаны. Можна спачатку ўказваць прозвішча, а потым пісаць імёны. Напрыклад: +Сымановіч: Юзаф, Станіслаў, Марыя, Аліна і г.д. 

Што трэба зрабіць пры наведванні могілак?

У задушны дзень (2 лістапада) або ў іншы дзень падчас актавы Усіх Святых вернікі наведваюць магілы сваіх родных і наводзяць там парадак. Можа так здарыцца, што месцы пахавання блізкіх нам людзей знаходзяцца не там, дзе мы жывём, і мы не можам туды паехаць. Магчыма, мы ўвогуле не ведаем, дзе яны пахаваны. Можна тады наведаць бліжэйшыя могілкі, каб там памаліцца і паклапаціцца пра закінутыя пахаванні.

Годным успамінам пра памерлых з’яўляюцца запаленая на магіле свечка і прынесеныя кветкі, але перш за ўсё — малітва за супакой душы памерлых.

Недапушчальна прыносіць і спажываць на могілках ежу і алкагольныя напоі, а таксама класці іх на магілы.
Што такое адпуст і як яго атрымаць?

Кананічнае права Каталіцкага Касцёла вызначае адпуст як «адпушчэнне перад Богам часовага пакарання за грахі, ужо адпушчаныя ў тым, што датычыцца віны, які вернік атрымлівае на дакладна ўсталяваных умовах праз дзеянне Касцёла».

Што гэта азначае? Падчас споведзі святар адпускае чалавеку віну, але наступствы граху застаюцца. Атрымаць адпуст — гэта значыць ліквідаваць наступствы граху.

Ва ўрачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых вернікаў можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за душы, якія пакутуюць у чыстцы. Для гэтага трэба прыняць удзел у святой Імшы, быць у стане асвячальнай ласкі і прыняць Святую Камунію, памаліцца «Ойча наш» і «Веру ў Бога», а таксама памаліцца ў намерах Святога Айца. Адпуст можна ахвяраваць за душу аднаго памерлага: адзін дзень — адзін адпуст.

З 1 па 8 лістапада можна атрымаць поўны адпуст за наведванне могілак, выканаўшы таксама вышэй апісаныя ўмовы. У іншыя дні на працягу года за наведванне могілак і малітву можна атрымаць частковы адпуст. (паводле catholic.by)

Чаму малітва за памерлых можа збавіць і нас?

Святы Ян Марыя Віянэй у казанні "Пра дзень задушны" напісаў: "Калі мы хочам заслужыць неба, ратуйма душы, якія церпяць у чыстцы, бо ахвотная дапамога ім — амаль пэўны знак збаўлення".  Пан Бог запрашае ўсіх крочыць па шляху любові і міласэрнасці. Таму, праяўляючы міласэрнасць у адносінах да памерлых, мы дапамагаем таксама самім сабе. Вучымся ад іх жыць так, каб пасля смерці нашае сэрца было цалкам чыстае і магло спазнаць неба.
(А.Чайкоўская WDC "Чысцец у зямным жыцці", с.189, 195)

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by