Пантыфік падкрэслівае, што тэхналогія не з'яўляецца «варожай сілай у адносінах да асобы» або злом сама па сабе, але яна таксама не нейтральная, бо набывае аблічча тых, хто яе фінансуе, стварае і выкарыстоўвае.
Свой роздум ён пачынае з выразнага папярэджання: «Цудоўнае чалавецтва, створанае Богам, стаіць сёння перад вырашальным выбарам: узвесці новую Бабілёнскую вежу або пабудаваць горад, дзе Бог і чалавецтва жывуць разам».
Годнасць асобы як абсалютны прыярытэт
Разглядаючы дынамічны характар каталіцкага сацыяльнага вучэння, Леў XIV нагадвае пра фундаментальную і неад'емную годнасць чалавека, якая не дазваляе ператвараць яго ў вытворчы рэсурс для эксплуатацыі. Пантыфік рашуча выступае ў абарону жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, называючы аборты і эўтаназію «сур'ёзна недапушчальным выбарам».
Асобная ўвага ў дакуменце ўдзяляецца правам меншасцей і жанчын, а таксама абароне народаў. Святы Айцец катэгарычна заяўляе, што «любая спроба або праект па знішчэнні ці падпарадкаванні народа з'яўляецца сур'ёзна амаральным і таму непрымальным».
Справядлівасць у лічбавы час азначае роўны доступ да магчымасцей і абарону найбольш слабых. «Вырашальным выпрабаваннем» грамадскай справядлівасці Папа называе стаўленне да мігрантаў. Ён таксама заклікае Касцёл да рахунку сумлення і ўважлівага слухання ахвяр розных злоўжыванняў.
Трэці раздзел «Magnifica humanitas» уважліва разглядае непасрэдныя выклікі штучнага інтэлекту. Леў XIV перасцерагае ад захаплення эфектыўнасцю і прыбыткам як адзінымі крытэрыямі прагрэсу. Штучны інтэлект выдатна імітуе чалавека, але ён абсалютна пазбаўлены маральнай свядомасці, эмпатыі і здольнасці да духоўных адносін.
Этычныя межы і экалагічная адказнасць
Папа патрабуе стварэння строгага этычнага кодэкса пад кантролем усяго грамадства. Асобна згадваецца і экалагічны кошт інавацый, якія патрабуюць каласальных аб'ёмаў вады і энергіі, наносячы непапраўную шкоду стварэнню.
Пантыфік настойліва заклікае «абяззброіць штучны інтэлект», катэгарычна вывеўшы яго з-пад логікі ваеннай і эканамічнай канкурэнцыі. У энцыкліцы змешчаная моцная крытыка трансгуманізму і постгуманізму, якія разглядаюць развіццё як пераадоленне абмежаванняў нашай прыроды.
Леў XIV падкрэслівае, што мяжа — гэта не дэфект. Наадварот, «чалавек квітнее не насуперак абмежаванням, а часта праз іх», бо менавіта ва ўразлівасці нараджаецца здольнасць да клопату і шчырая адкрытасць на Бога.
Чалавек квітнее праз сваю ўразлівасць
У камунікацыйным асяроддзі Папа прапануе практыкаваць новую экалогію і вучыцца «пасціць ад штучнага інтэлекту», каб абараніць свабоду думкі і не страціць здольнасць задаваць пытанні. Новая індустрыяльная рэвалюцыя ў эканоміцы нясе прамую рызыку дэкваліфікацыі і беспрацоўя, калі ўкараненне аўтаматызацыі будзе арыентаванае выключна на зніжэнне выдаткаў.
Леў XIV востра асуджае «архітэктуру бачнасці» ў сетках і новае каланіяльнае стаўленне да персанальных даных — масіўны збор інфармацыі для прадказання і арыентавання паводзін людзей, што прыводзіць да дыскрымінацыі найбольш слабых.