Святар падкрэсліў, што гэтае пасланне неверагодна актуальнае сёння, у ХХІ стагоддзі. Мы жывём у час, калі людзі спрабуюць паставіць сябе на месца Бога. Мы хочам самі вырашаць, што ёсць дабро, а што зло. Сучасны свет часта крычыць: "Я адзін!", "Мая свабода без абмежаванняў!" Святы Міхал уступае ў гэты шум сваім ціхім, але магутным пытаннем: хто падобны да Бога?
"Няхай гэты яго заклік будзе нашым дэвізам па жыцці. Калі прыходзіць спапкуса каб пайсці кароткім шляхам, хлусіць, ненавідзець, давайце ўсклікнем у сэрцах: хто падобны да Бога! Калі мы губляем надзею і здаецца, што вакол нас перамагае зло, давайце паўтараць з верай: хто падобны да Бога!" — заахвоціў прамоўца.
Напрыканцы Імшы пробашч парафіі ксёндз Іван Кароткін скіраваў словы падзякі да тых, хто дапамагаў у падрыхтоўцы свята, святароў, гасцей і ўсіх прысутных за супольную малітву. Да святара далучыліся парафіяне, якія падзякавалі новапрэзбітэру за цэлебрацыю Эўхарыстыі і склалі ксяндзу Антонію свае пажаданні з нагоды святарскіх пасвячэнняў.