Папа Леў XIV заклікаў у кастрычніку штодзённа маліцца Ружанец за мір
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 24 верасня ў Ватыкане, Папа распавёў пра некаторыя малітоўныя ініцыятывы, што адбудуцца ў Ватыкане ў кастрычніку, і заклікаў вернікаў маліцца Ружанец за мір.
«Дарагія браты і сёстры, кастрычнік, які ўжо зусім блізка, у Касцёле асаблівым чынам прысвечаны Святому Ружанцу; таму запрашаю ўсіх кожны дзень на працягу наступнага месяца маліцца Ружанец за мір — асабіста, у сям’і і супольнасці», — сказаў Леў XIV.
Пантыфік заклікаў усіх, хто здзяйсняе служэнне ў Ватыкане, прымаць удзел у ружанцовай малітве, якая кожны вечар будзе праводзіцца ў Базіліцы Святога Пятра.
Святы Айцец абвясціў, што ўвечары 11 кастрычніка прыме ўдзел у ружанцовай малітве на Плошчы Святога Пятра, якая адбудзецца ў вігілію Юбілея Марыйнай Духоўнасці. Ён таксама заўважыў, што падчас гэтай падзеі будзе ўспамінацца гадавіна адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора.