Ксёндз Леанід быў адкрыты і шчыры чалавек. Вельмі любіў прыроду, асабліва птушак. Шмат часу і намаганняў аддаў аздабленню касцёла ў Павяцці і добраўпарадкаванню прыкасцельнай тэрыторыі. Аднак асноўная яго заслуга ў фарміраванні парафіяльнай супольнасці. Праз катэхезу, індывідуальныя гутаркі, казанні, святар імкнуўся данесці Слова Божае да кожнага верніка. Ксёндз Леанід застаўся ў памяці парафіянаў як чулы, сціплы, самааданы святар, які прысвяціў сваё жыццё Богу і людзям. Ксёндз Леанід адышоў у вечнасць 9 лістапада 2020 года, днём раней памерла яго маці Станіслава. Пахаваны ў Старых Васілішках.
9 лістапада ў касцёлах Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне (Глыбоцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія) і Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія) адбудуцца святыя Імшы ў інтэнцыі ксяндза Леаніда Мозгеля ў першую гадавіну яго смерці. Заахвочваем таксама ўсіх верніў да прыватнай малітвы за ксяндза Леаніда Мозгеля.