WYSIWYG Web Builder
Памяць і ўдзячнасць
9 лістапада 2020 года перастала біцца сэрца ксяндза Леаніда Мозгеля. Святара, які паходзіў з Гродзенскай дыяцэзіі, аднак душпастырскі шлях якога цесна звязаны з нашай мясцовасцю. У Мёрах 12 лістапада 2002 года ён атрымаў дыяканскія пасвячэнні, а з 2005 па 2019 гг. быў пробашчам павяцкай парафіі.
Ксёндз Леанід нарадзіўся 26 снежня 1968 года ў в. Карэвічы (Гродзенская дыяцэзія). Быў ахрышчаны 27 студзеня 1969г. у Васілішках. У 2001 годзе скончыў Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў Гродне. Святарскія пасвячэнні атрымаў 1  мая 2003 года ў Віцебску з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Уладзіслава Бліна.

Адразу пасля святарскіх пасвячэнняў ён быў накіраваны вікарыем у Фарынава, Ветрына, Блізніцы. Затым год працаваў адміністратарам парафіі ў Бягомлі. З 2005 па 2019 гг. аказваў душпастырскую паслугу ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Павяцці. У 2018-2019 гг. быў таксама пробашчам у Ідолце. Ксёндз Леанід пакінуў пасля сябе выразны, прыгожы і велічны след.
Шмат часу і намаганняў аддаў аздабленню касцёла ў Павяцці і добраўпарадкаванню прыкасцёльнай тэрыторыі. Дзякуючы яго ініцыятыве і падрымцы парафіянаў вакол касцёла ўстаноўлена агароджа з брамай. Пад яго кіраўніцтвам была пабудавана капліца на могілках у Паташні.
Вернікі павяцкай парафіі адзначаюць: "Ксёндз Леанід быў чулы, ціхі і сціплы святар. Ён быў даступны для простых людзей, усім ішоў насустрач, умеў выслухаць кожнага і даць слушную параду. За ўвагу да людзей яго паважалі і цанілі не толькі католікі, але і ўсе тыя людзі, якім пашчасціла ў сваім жыцці пазнаёміцца і хоць адзін раз паразмаўляць са святаром.

Ён быў чалавек дзеяння, і думка ягоная заўсёды была ясная і зразумелая. Якое шчасце было прысутнічаць на Імшы і слухаць яго казанні! Ксёндз Леанід умеў знаходзіць трапныя жывыя словы, што краналі душу, падтрымлівалі і напаўнялі годнасцю."

Вялікая заслуга святара ў фарміраванні парафіяльнай супольнасці. Праз катэхезу, індывідуальныя гутаркі, казанні, ксёндз Леанід імкнуўся данесці Слова Божае да кожнага верніка. Назаўсёды ў памяці парафіянаў застанецца яго ўменне перадаць усім прысутным у касцёле пачуццё радасці і ўзнёсласці на свята Божага Нараджэння і Вялікдзень.

Заўсёды пабожна і ўрачыста праходзіў парафіяльны адпуст у гонар Маці Божай Фацімскай.
Ксёндз Леанід быў адкрыты і шчыры чалавек. Вельмі любіў прыроду, асабліва птушак. Жыў на плябаніі, якая знаходзілася ў адным будынку з касцёлам, а недалёка ад святыні зрабіў галубятню. У ёй гадавалася каля 40 галубоў розных парод, за якімі святар даглядаў сам. У інтэрв'ю газеце "Каталіцкі веснік" ксёндз Леанід заўважыў: "Я люблю прыгажосць. Паглядзіце, гэтыя птушкі такія нявінныя. Глядзіш на іх – і сэрца радуецца. Акрамя таго, хачу гэтым самым нагадаць людзям пра беражлівыя адносіны да прыроды. Папа Францішак неаднойчы пра гэта нагадваў і заклікаў. Прырода – расліны і жывёлы – гэта Божы дар. А чалавек мае ўладу панаваць над усім гэтым. Толькі рабіць гэта павінен з любоўю і адказна."
Падчас працы ў Павяцці ксёндз Леанід быў частым госцем і нашай парафіі, асабліва ва ўрачыстасці і святы. Аказваў дапамогу ў канфесіянале, прамаўляў гаміліі, цэлебраваў святую Імшу. У 2006 годзе ўзначаліў пілігрымку "Мёры-Будслаў".

У чэрвені 2019 года святар быў пераведзены на служэнне ў Дзеркаўшчыну (Глыбоцкі дэканат).

Адышоў у вечнасць 9 лістапада 2020 года, днём раней памерла яго маці Станіслава. Пахаваны ля касцёла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія).
Заахвочваем верніў да прыватнай малітвы за ксяндза Леаніда Мозгеля.

Жанна Закрэўская, тэкст, фота.
У артыкуле выкарыстаныя фота з асабістых архіваў вернікаў павяцкай парафіі, з сайтаў Grodnensis.by, Catholicnews.by (Марына Сінкевіч, Леанід Юрык)
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by