11 лютага падчас святой Імшы пасля гаміліі ўдзяляецца сакрамант намашчэння хворых усім прысутным хворым і людзям пажылога ўзросту. Прэзбітэр намашчае хворага святым алеем на чале і на руках, пры гэтым прамаўляе адпаведную формулу. Асноўная мэта гэтага сакраманту — надзяліць асаблівай ласкай хрысціяніна, які спазнае рознага роду цяжкасці, выкліканыя хваробай ці састарэлым узростам. «Небяспечна хвораму чалавеку патрэбна асаблівая Божая ласка, каб пад уплывам страху ён не ўпаў духам і, паддаўшыся спакусе, не адступіўся ў веры» («Парадак намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі» пункт 5).
Словы з паслання святога Якуба: «Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана. І малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, і грахі, якія учыніў, будуць адпушчаныя яму» ( пар.Як 5, 14 -15), даюць надзею вернікам на фізічнае і духоўнае аздараўленне, а таксама надзею на збаўленне.
Сакрамант намашчэння хворых у нашай святыні ўдзяляўся падчас ранішняй і вячэрняй Імшы. На пачатку Літургіі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падкрэсліў, што мы збіраемся ў гэты дзень у касцёле на святой Імшы каб прасіць аб дары здароўя, а таксама дзякаваць Пану Богу за тыя ласкі, які Ён спасылае і сілы, якіе дае, каб мы маглі годна выконваць свае жыццёвыя абавязкі. У гэты дзень мы таксама ахінаем сваёй малітвай тых, хто апякуецца хворымі.
Жанна Закрэўская
11.02.2026