Гісторыя Юбілейных гадоў бярэ свой пачатак ад Папы Баніфацыя VIII (гады пантыфікату: 1294–1303), які булай Antiquorum habet fida relation абвясціў Юбілейны 1300 год. Була змяшчала таксама ўмовы атрымання адпусту, для якога неабходна было з пакаяннем наведаць у Рыме базылікі Святога Апостала Пятра і Святога Апостала Паўла за Мурамі. У буле Папа Баніфацый VIII пастанавіў, што Юбілеі будуць праходзіць раз у сто гадоў. Була аб правядзенні першага Юбілею была высечана на мармуровай пліце. Яна захавалася да сённяшніх дзён і знаходзіцца ў базыліцы Святога Пятра.
Першы хрысціянскі Юбілей 1300 года стаў надзвычайнай падзеяй. У Юбілейны год Рым наведалі пілігрымы не толькі з Італіі, але і з іншых краін Еўропы, перш за ўсё – з Францыі. Усяго пабывала больш 200 тысяч пілігрымаў, для тых часоў лічба астранамічная. Адзіны мост, па якім можна было трапіць да базылікі Святога Пятра (мост Сант-Анджэла над Тыбрам), быў забіты стракатым рознамоўным натоўпам пілігрымаў. Усе яны імкнуліся трапіць да гробу св.Пятра каб атрымаць поўны адпуст. Лічацца, што менавіта рымлянам належыць ідэя двухбаковага руху, якая ўзнікла ў выніку рэгулявання патокаў пілігрымаў. Падзеі Юбілейнага 1300 года закрануў у паэме “Боская камедыя” Дантэ Аліг’еры.