Пасля выбару яго Папам агульна падкрэслівалася, што ён, як ніхто іншы, быў падрыхтаваны ўзяць на сябе такое заданне. Караль Вайтыла быў душпастырам, выкладчыкам, вучоным у галіне філасофіі, публіцыстам, аўтарам кніг, біскупам гістарычнай Кракаўскай дыяцэзіі, якому давялося кіраваць ёю ў канфрантацыі з камуністычным рэжымам. Будучы Папа актыўна і творча ўдзельнічаў у ІІ Ватыканскім Саборы. Незвычайным для новаабранага Папы было і тое, што ў маладосці ён выступаў у тэатры і пісаў вершы, якія працягваў пісаць і потым.
Караль Вайтыла нарадзіўся 18 мая 1920 года ў Вадавіцах (непадалёк ад Кракава). Калі яму было ўсяго 8 гадоў, ён страціў маці, а праз тры гады — адзінага брата.