WYSIWYG Web Builder
На службе Богу і людзям
30 красавіка 2025 года спаўняецца 40 гадоў з дня адыходу ў вечнасць ксяндза Яна Грабоўскага, які 28 гадоў свайго жыцця прысвяціў Мёрскай парафіі. Яго душпастырская дзейнасць выпала на часы ваяўнічага атэізму. Святар быў нявінна асуджаны, аднак не згубіў веру і годна рэалізаваў сваё пастырскае пакліканне.
Ксёндз Ян Грабоўскі быў высокаадукаваным, таленавітым і эрудыраваным чалавекам. Ведаў сем моў, шмат чытаў і пастаянна павышаў свой інтэлектуальны ўзровень. Святар карыстаўся аўтарытэтам не толькі сярод парафіянаў, членаў сям'і, але і сваіх калег. Быў адкрыты на дыялог з кожным, хто быў у гэтым зацікаўлены. Пераслед, сталенскі лагер, гады ваяўнічага атэізму не зламілі, а загартавалі святара, умацавалі яго веру ў Бога і ўпэўненасць у тым, што сапраўдную веру нельга знішчыць.

Нарадзіўся Ян Грабоўскі 8 снежня 1912 года ў Вільні ў сям'і чыгуначніка. Праз некаторы час яго бацькі пераехалі ў Ліду. Там Ян закончыў гімназію імя Караля Хадкевіча і накіраваўся на вывучэнне медыцыны ў Варшаву. Падчас вучобы ў Варшаве юнак адчуў у сабе пакліканне да святарства. Не завяршыўшы навучання медыцыне ён паступае ў духоўную семінарыю ў Вільні. Будучы клерыкам, Ян адначасова вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, а на перапынках паміж заняткамі самастойна вывучаў французскую мову. Абараніў магістэрскую працу на тэму "Доказы існавання Бога ў залежнасці ад ступенні быцця паводле святога Тамаша з Аквіну".

Пасля атрымання святарскіх пасвячэнняў у 1936 годзе распачаў сваю душпастырскую дзейнасць у якасці вікарыя ў парафіі  Алькенікі (Літва).
У 1938 годзе быў накіраваны на вучобу ў Рым, аднак распачалася Другая сусветная вайна і святар вярнуўся ў Беларусь. Працаваў вікарыем у Слабодцы на Браслаўшчыне.

Быў пробашчам у парафіях Порплішча і Удзела. Паколькі яго брат Казімір Грабоўскі за актыўны ўдзел у дзейнасці Арміі Краёвай знаходзіўся ў сталенскім лагеры, то і за ксяндзом Янам пільна сачылі агенты дзяржбяспекі. Пад пагрозай зняволення ў 1947 годзе святар пераязджае на душпастырскую дзейнасць у Германавічы, аднак 18 кастрычніка 1949 года ён быў арыштаваны.

Спачатку знаходзіўся ў Глыбокім, а потым быў пераведзены ў Полацк. Асуджаны Полацкім абласным судом на 25 гадоў лагерных работ з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўлення правоў. Этапаваны ва Унжэнскі лагер (станцыя Сухабязводная), дзе працаваў на нарыхтоўцы лесу і вырабе цэглы.

Ванда Грабоўская, пляменніца святара, успамінае: "Ксёндз Ян няшмат расказваў пра перыяд знаходжання ў лагеры. Аднак яго ўспаміны не абмяжоўваліся апісаннем складаных умоў жыцця і працы, наадварот, былі прасякнуты словамі ўдзячнасці за падтрымку тым, хто быў побач. Хоць ксёндз Ян быў асуджаны па палітычных артыкулах, ён знаходзіўся ў лагеры разам са зняволенымі, якія ўчынілі крымінальныя злачынствы, тым не менш асуджанныя з павагай ставіліся да святара. Звярталіся да яго айцец. Часам дзяліліся сваімі жыццёвымі гісторыямі, прасілі даць параду. Калі трэба было выконваць нейкую вельмі цяжкую і складаную працу, часта казалі яму: "Айцец, вы лепш адпачніце і памаліцеся за нас, а мы ўсё зробім".

З'яўляючыся прадстаўніком інтэлегенцыі, ксёндз Ян стараўся выконваць свае абавязкі нароўні з іншымі. Але неяк так здаралася, што рабочыя рукавіцы, якія выдавалі на пэўны перыяд, вельмі хутка сціраліся да дзір. І тады здараўся "цуд": раніцой каля яго ложка ляжалі новыя. Адкуль яны браліся невядома, аднак было гэта неаднойчы. Знаходзячыся доўгі час у лагеры, святар вывучыў мову "блатных". Стараўся ёй не карыстацца, але разумеў яе даволі добра.

Расказваючы такія гісторыі пра лагернае жыццё, якія здаваліся нам неверагоднымі, святар не казаў, што ў лагеры было ўсё добра і не было ніякіх непаразуменняў. Ён толькі хацеў падкрэсліць, што не ўсе людзі, якія трапілі за краты за ўчыненыя імі злачынствы, страцілі сваю чалавечую годнасць і веру ў Бога."

Падчас "хрушчоўскай адлігі" ксяндзу Яну зменшылі тэрмін спачатку да 15 гадоў, а потым цалкам адмянілі. 18 чэрвеня 1956 года святар быў вызвалены.
Вярнуўся спачатку ў Германавічы, але касцёл там быў канфіскаваны, таму адгукнуўся на просьбу вернікаў аб душпастырскай дзейнасці ў мёрскім касцёле. Пасля вырашэння пэўных цяжкасцей з прапіскай ксёндз Ян распачынае працу ў Мёрах. Яго прыезд стаў важнай падзеяй для вернікаў. Святара, які амаль нічога не меў з сабой і быў сціпла апрануты, урачыста сустрэлі, а потым разам памаліліся ў святыні.

Святар прыняў касцёл у жахлівым стане. Працякаў дах, аблупілася фарба на сценах, праз разбітыя вокны ў святыню заляталі птушкі, было шмат смецця. Дзякуючы намаганням ксяндза Яна і вернікаў святыня была адноўлена і ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка 1957 года адбылася яе рэкансэкрацыя.

Праз некаторы час пасля пераезду ксяндза Грабоўскага ў Мёры сюды пераязджаюць яго маці і брат. Брат Казімір быў арганістам, маці вяла дамашнюю гаспадарку. Ванда Грабоўская падкрэсліла, што ксёндз Ян карыстаўся вялікім аўтарытэтам у сям'і. Да яго з павагай і глыбокай пашанай звярталіся за парадамі. Кожнае яго слова для членаў сям'і было важкім. Не прынята было распытваць пра лагернае жыццё ці гутарыць пра малаважныя справы, аднак любую тэму ён з цікавасцю падхопліваў і развіваў.

Час ваяўнічага атэізму забараняў адкрыта вызнаваць веру. Часам для таго каб прыняць сакрамэнт шлюбу або ахрысціць дзіця неабходна было захоўваць сапраўдную канспірацыю (у касцёл прыходзілі па адным, з пэўным прамежкам часу). Нягледзячы на пераслед у касцёле заўсёды было шмат вернікаў.
Аб гэтым сведчаць інфармацыйны ліст ад 23 красавіка 1976 года ў якім сказана, што на свята Пасхі ў касцёле раніцой малілася 800-900 чалавек, сярод іх шмат людзей сярэдняга і маладога ўзросту, а таксама каля 40 дзяцей. За прысутнасць дзяцей у касцёле ксяндзу Яну неаднаразова пагражалі зачыніць святыню, аднак дзякуючы Божай апецы касцёл не прыпыняў сваёй дзейнасці.

Даязджалі таксама вернікі з іншых месцаў. Чэслаў Рачыцкі з Шаркаўшчынскага раёна ўзгадвае: "Касцёла паблізу ў нас не было і ездзіць даводзілася у Мёры, Браслаў, Глыбокае. З Якубова пехатой ішлі да Шаркаўшчыны, на чыгунку, дамаўляліся з машыністам  якога-небудзь таварнага цягніка, каб даехаць у Мёры. Кс. Ян Грабоўскі, які ў 1956 годзе вярнуўся са зняволення, чамусьці мяне заўважыў і прапанаваў стаць харыстам. Адразу я засумняваўся, але пасля таго, як мяне паслухаў арганіст, родны брат пробашча, прафесійны музыкант Казімір Грабоўскі, мае адгаворкі не прымаліся, і я навучыўся спяваць і на латыні, і на польскай мове. У час святой Камуніі мне было даверана сольна выконваць “Agnus Dei” (“Баранак Божы”). Дарэчы, кожны з харыстаў вёў сваю партыю, атрымоўвалася ў нас добра, і гэта вельмі цешыла душу. Спявалі мы не толькі падчас літургіі, але і перад пачаткам святой Імшы, пакуль вернікі запаўняюць храм, і пасля святой Імшы, калі паціху разыходзяцца… Хвалілі Пана Бога, звярталіся да Маці Божай – тэкстаў я ведаў шмат.   Dialog1994.by
Нягледзячы на тое, што касцёл пастаянна наведвалі розныя камісіі, якія часам грэбліва адносіліся да святара і пагражалі зачыніць храм, ксяндзу Яну ўдавалася знаходзіць кампраміс. А калі наўкол гучала агітацыя аб тым, што праз 10-15 гадоў веры і касцёла не будзе, святар дабудоўваў плябанію, бо быў упэўнены, што пасля яго будзе іншы ксёндз, якому неабходныя адпаведныя ўмовы.

Уціск уладаў, знаходжанне ў сталінскім лагеры адбіліся на здароўі святара. Пасля перанясення аперацый і інфаркту 30 красавіка 1985 года яго сэрца спынілася. Развітацца са святаром прыязджалі людзі не толькі з розных куточкаў Беларусі, але і з суседніх краін. Каля трох тысяч вернікаў праводзілі свайго пастыра ў апошні шлях. Святую Імшу ўзначаліў яго сябар ксёндз Леон з Латвіі.
Самаахвярная праца ксяндза Яна Грабоўскага не прайшла дарма. Яго ўласнае жыццё, душпастырская дзейнасць далі прыклад сапраўднага хрысціянскага жыцця не аднаму пакаленню вернікаў. Добрая памяць пра святара трывае і сёння ў сэрцы тых, хто яго ведаў.

У нашай святыні наладжана фотавыстава, прысвечаная ксяндзу Яну Грабоўскаму, запрашаем ахвотных пазнаёміцца з яе матэрыяламі.
Жыццё і дзейнасць ксяндза Яна Грабоўскага — гэта ўжо гісторыя. Пра яго памятаюць пераважна людзі старэйшага пакалення, аднак дзякуючы яго святарскай дзейнасці касцёл і вера на нашай зямлі не толькі захавалася, але і актыўна развівалася, таму заахвочваем усіх да малітвы ў інтэнцыі святара.

Жанна Закрэўская

Паводле ўспамінаў Ванды Грабоўскай, матэрыялаў летапісу мёрскай парафіі, кнігі В.Ермалёнка "Святыня над возерам", кнігі Л.Маракова "Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі 1917-1964", часопіса "Дыялог".


29.04.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by