Нараджэнне Яна Хрысціцеля прадказаў Арханёл Габрыэль, які аб’явіўся Захарыі, калі той складваў ахвяру ў святыні. Паколькі стары Захарыя не паверыў, што стане бацькам у такім узросце, Арханёл учыніў так, што Захарыя анямеў ажно да нараджэння дзіцяці. Калі хлопчык нарадзіўся, родныя хацелі назваць яго так, як бацьку, Захарыем, але Альжбета настойвала на тым, што сына трэба назваць Янам. Гэта пацвердзіў і Захарыя, напісаўшы імя «Ян» на паперы, і ў гэтую самую хвіліну да яго вярнуўся дар мовы.
Калі Ян падрос, ён пакінуў бацькоў і адправіўся ў пустыню, жыў там, апрануўшыся ў адзенне з вярблюджай шэрсці і жывячыся мёдам і саранчою. Калі Ян атрымаў ад Бога наказ ісці да людзей і прапаведваць, ён накіраваўся да ракі Ярдан і стаў знакамітым прарокам, які прадказваў прыйсце Хрыста, — Ян называў Яго «Баранкам Божым».
На бераг Ярдана да Яна Хрысціцеля прыходзіла шмат людзей. Аднойчы прыйшоў Езус і папрасіў Яна ахрысціць Яго. Ян спрабаваў пярэчыць, сказаўшы: «Гэта мне патрэбен хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?» — але ахрысціў Езуса. Потым ён звярнуўся да сваіх вучняў і прапанаваў ім ісці за Хрыстом. Сам жа пайшоў у Галілею, якою кіраваў тады Ірад Агрыпа, сын Ірада — забойцы немаўлят.
Жыццё св. Яна Хрысціцеля скончылася трагічна. Святы Ян указваў Іраду на яго амаральныя ўчынкі: «Нельга табе мець жонку брата твайго» (гл. Мк 6, 18). Разгневаны цар па намове жонкі загадаў арыштаваць святога і пасадзіць у вежу Махеронт. Падчас аднаго з піроў, які Ірад наладзіў у дзень свайго нараджэння, моцна захмялелы Агрыпа прысягнуў, што выканае кожнае жаданне дачкі сваёй жонкі Ірадыяды, Саламеі, якая парадавала яго сваім танцам. Тады Ірадыяда намовіла дачку, каб тая сказала, што хоча атрымаць галаву святога. Давялося Іраду загадаць адсячы галаву св. Яну Хрысціцелю, якую на місе прынеслі ў залу, дзе адбываўся пір. Цела святога забралі ягоныя вучні і пахавалі ў невядомым месцы (магчыма ў Сэбасце ў Самарыі).
У гонар гэтага вялікага прарока ўзведзена базыліка св. Яна на Латэране ў Рыме. Св. Ян Хрысціцель з’яўляецца апекуном шматлікіх краін і гарадоў, Мальтыйскага ордэна, ордэна кармелітаў, кавалёў, ткачоў, краўцоў, вінаробаў, архітэктараў, земляробаў, музыкаў, спевакоў, танцораў і інш., а таксама дзяўчат, незамужніх маці, тых, хто прыгавораны да смерці, эпілептыкаў.
Паводле кнігі "Святы Ян Хрысціцель" (М:. "Pro Christo”, 2004)