Езус казаў "Сапраўды, кажу вам, што сынам чалавечым будуць адпушчаныя ўсе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны навекі". (Мк 3, 28–29).
Блюзнерства супраць Духа Святога — гэта аспрэчванне відавочных Божых знакаў і дароў, якія сустракаюцца ў жыцці канкрэтнага чалавека. З Катэхізіса Каталіцкага Касцёла мы ведаем, што існуе шэсць грахоў супраць Духа Святога, якія вядуць да вечнага асуджэння.
Грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць
Празмерна спадзявацца на Божую міласэрнасць — гэта значыць рабіць Пана Бога нявольнікам сваёй дабрыні, міласэрнасці і гатоўнасці прабачыць чалавеку, які ўчыніў грэх. Аўтар Старога Запавету кажа: "Я грашыў і што мне сталася?" Сучасны чалавек таксама часта паўтарае гэтыя словы. Па сутнасці грэх празмернага спадзявання на Божую міласэрнасць — гэта пэўная пазіцыя чалавека, які не шкадуе за свае грахі, не мае жадання нешта выпраўляць і адначасова чакае ад Бога, каб Ён прыняў яго ў неба.
Роспач або сумненне ў Божай ласцы
Вельмі часта чалавек можа ўпадаць у роспач ад учыненых грахоў. Гэта здараецца не з-за сціпласці ці самапрыніжэння перад Богам, а з-за ўласнай ганарыстасці. Хтосьці пачынае ўпарта лічыць, што яго грахі большыя, чым збаўчая смерць Езуса Хрыста на крыжы і, тым самым, ставіць пад сумненне Божую міласэрнасць. Мы павінны з пакорай і ўдзячнасцю прымаць Божае прабачэнне падчас сакраманту пакаяння.
Супраціўляцца спазнанай праўдзе веры
Калі хтосьці пазнаў вучэнне Хрыста і быў выхаваны ў хрысціянскай веры, а потым адкінуў яе, то ён не толькі грашыць супраць Духа Святога, але таксама адкідвае і Езуса Хрыста, прысутнага ў Касцёле, усе сакраманты: хрост, Эўхарыстыю, споведзь і ўсё тое, што Касцёл дае для збаўлення чалавека.
Зайздрасць бліжняму, які мае Божую ласку
Часта людзі кажуць, што зайздросцяць іншым, тым, хто мае здароўе, матэрыяльныя даброты, пэўныя здольнасці і г.д. Нам здаецца, што Бог бласлаўляе іншых больш, чым нас, але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Божая ласка даецца кожнаму, трэба толькі ўмела ёй карыстацца на хвалу Божую.
Закамянеласць у грахах
Закамянеласць у грахах узнікае тады, калі чалавек не працуе над сабой. Ідзе да споведзі і кажа: "Больш грахоў не памятаю і пастанаўляю выправіцца". Прамаўляе Богу фразу, за якой нічога не стаіць. Больш таго, упэўнены ў тым, што не зможа супрацьстаяць злому духу і не ўдасца выправіцца.
Каб пазбегнуць закамянеласці ў грахах неабходна пастаянна працаваць над сабой, карыстацца Божай ласкай, а не спасылацца на тое, што інакш не магу, бо ў мяне такі характар, стыль жыцця ці іншыя абставіны. Пыха і лянота, якія адносяцца да сямі галоўных грахоў, з'яўляюцца асноўнай прычынай закамянеласці ў грахах.
Адкладваць пакаянне аж да смерці
Адкладваць пакаянне аж да смерці — гэта значыць разумець, што вядзеш грэшнае жыццё, але яно настолькі падабаецца, што не хочацца яго змяняць. Чалавек заспакойвае сябе тым, што калі пастарэе, выйдзе на пенсію, то не будзе ўчыняць пэўны грэх, бо здароўе не дазволіць ці проста пастараецца ў далейшым не грашыць, пачне хадзіць у касцёл, прымаць сакраманты. Такое стаўленне ўжо не проста грэх, з якога можна паспавядацца, але стыль жыцця.
Інакш кажучы, адкладванне пакаяння аж да смерці — гэта стыль жыцця, калі адкідваюцца Божыя загады, бо яны перашкаджаюць жыць так, як падабаецца.
У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла сцвярджаецца: «Божая міласэрнасць не ведае межаў. Але той, хто свядома адкідвае прыняцце са скрухай Божай міласэрнасці, адкідвае прабачэнне сваіх грахоў і збаўленне, атрыманае ў дар ад Духа Святога. Такая закамянеласць можа прывесці да адсутнасці апошняга пакаяння і вечнай пагібелі» (№ 1864).
Каб засцерагчы сябе ад вечнага асуджэння, неабходна заўсёды прасіць прабачэння ў Бога за ўчыненыя грахі і пастаянна працаваць над сабой, каб унікаць іх у далейшым. Трэба з адкрытым сэрцам сказаць Пану Богу, што я хачу адкінуць сваю пыху і ляноту і паводле сваіх здольнасцей і магчымасцей жадаю супрацоўнічаць з Божай ласкай.
Кс.Андрэй Кулік,
урачыстасць Спаслання Духа Святога
19.05.2024