Грамнічныя свечкі як сімвал Хрыста
2 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. У гэты дзень у касцёлах запальваюцца сотні агеньчыкаў свечак, якія традыцыйна бласлаўляюцца на Грамніцы. Прапануем узнавіць у памяці гісторыю свята, а таксама даведацца, навошта асвячаць грамнічныя свечкі, як імі карыстацца і што рабіць не трэба.
З IV стагоддзя на Усходзе свята Ахвяравання Пана ўрачыста адзначалася працэсіяй пад назвай “Сустрэча”, што ўказвала на своеасаблівую сувязь Старога і Новага Запавету. Традыцыя была ўсталявана ў памяць аб сустрэчы немаўляці Езуса Хрыста з прадстаўнікамі Старога Запавету – старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай – у Іерусалімскай святыні.

Гістарычнай асновай урачыстасці з’яўляецца апісанне гэтай падзеі, змешчанае ў Евангеллі паводле св. Лукі. Закон, згодна з якім кожны першынец – габрэйскі хлопчык – мусіў быць ахвяраваны Богу ў Святыні, быў усталяваны ў памяць зыходу габрэяў з Егіпта: вызвалення ад рабства, выратавання габрэйскіх першынцаў ад смерці. Гэта не азначала, што дзіця “аддавалася” на святарскую службу. Жэст быў сімвалічны – Богу прысвячалася тое, што з’яўлялася найбольшай каштоўнасцю для яго бацькоў. Прапанавалася скласці ў ахвяру пару туркавак альбо два маладыя галубы.

На свята Ахвяравання Пана асвячаюць васковыя свечкі. Яны лічацца сімвалам Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. Грамніцы таксама сімвалізуюць Марыю – пакорную слугу Божую, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.

Назва свечак звязана з традыцыяй запальваць іх падчас навальніцы і грому, каб аберагчы дом і гаспадарку ад маланкі. У такіх выпадках іх ставяць на акно альбо перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі, а калі побач узнікае пажар, выносяць на вуліцу, молячыся аб захаванні ад небяспекі. Асвечаныя грамніцы звычайна захоўваюць пры святой выяве. З запаленай свечкай ідуць насустрач святару, які нясе Найсвяцейшы Сакрамант да хворага, а ў момант смерці яе кладуць у руку паміраючаму.  Добрай традыцыяй з’яўляецца супольная малітва па вечарах, калі таксама можна запальваць грамнічную свечку.

Аднак, акрамя ўсяго вышэйзгаданага, ёсць таксама прыкметы і традыцыі, якія Каталіцкі Касцёл не ўхваляе. На жаль, іх шмат. Часам практыкуюцца ўсякія забабоны на дзецях (напрыклад, падпальваюць канцы валасоў), каб не баяліся навальніцы. Часта робяць непатрэбныя абрады пры пахаванні родных (напрыклад, “акрапляюць” воскам труну). Грамнічныя свечкі таксама выкарыстоўваюцца пры варажбе.

Са святымі рэчамі, прызначанымі для Божага культу праз асвячэнне або бласлаўленне, трэба абыходзіцца з пашанай. Імі нельга карыстацца для неўласцівых мэт, бо інакш могуць быць нядобрыя наступствы.

Лепш запаліць асвечаную грамнічную свечку, сабрацца сям’ёй і памаліцца да Маці Божай на ружанцы – гэта будзе найлепшае яе выкарыстанне.

Паводле "Слова Жыцця"
Раім пачытаць
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by