На святой Імшы а 12-ай гадзіне пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік, падкрэсліў: "Мы ўспрымаем грамнічную свечку, як сімвал Божага заступніцтва для нас. Запальваючы грамніцу пры канаючым чалавеку, памятаем словы Евангелля паводле Лукі пра старца Семяона, якому Дух Святы адкрыў, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў (Семяон), натхнёны Духам, у святыню. І калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закона, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў: Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў: святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народа Твайго Ізраэля. (Лк 2, 26-32) Такім чынам, запальваючы свечку пры канаючым, мы даём яму магчымасць убачыць святло, якім ёсць Езус Хрыстус."
"Няхай святло Хрыста, якое мы запалілі падчас асвячэння грамнічнай свечкі загараецца таксама ў нашых дамах, каб грамніца была не проста рэлігійным атрыбутам, які асвятляе пакой, але сапраўдным святлом Хрыста, якое асвятляе нашу душу і дапамагае нам на шляху да вечнасці" — пажадаў на заканчэнне гаміліі ксёндз Андрэй.
Жанна Закрэўская
02.02.2025