У свята Ахвяравання Пана на пачатку святой Імшы адбываецца традыцыйнае асвячэнне свечак. Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.
У гэты дзень, разважаючы над словамі Евангелля паводле Лукі, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік, звярнуў увагу на гісторыю і традыцыі свята, перапляценне Старога і Новага Запавету падчас ахвяравання ў святыні Дзіцятка Езуса і Яго сустрэчы з прарокам Сімяонам і ўдавой па імені Ганна.
Святар падкрэсліў, што прыходзячы ў святыню, мы, як старац Сімяон, які распазнаў у маленькім Дзіцяці Збаўцу свету, хочам распазнаць Езуса ў Божым слове і ламанні хлеба — Эўхарыстыі. Нам таксамам патрэбныя натхненне і Божая ласка для разумення Божага слова, якое скіравана асабіста да мяне, і прыняцця Эўхарыстыі, як духоўнага пасілку на шляху да Божага валадарства.