Добрая споведзь — гэта падрыхтаваная споведзь
Адвэнт — гэта час прыняць Пана, які прыходзіць на сустрэчу з намі. Гэты перыяд неабходны для таго, каб адкрыць сэрца на прагу быць побач з Богам. Аднак не зусім зразумела, як гэта зрабіць? Спосаб вельмі просты – заплануем час на добрую споведзь і адпаведна да яе падрыхтуемся.
23 снежня ў нашай парафіі адбудзецца дзень споведзі, пастараемся годна падрыхтавацца да сакраманту пакаяння, каб з чыстым сэрцам сустрэць нараджэнне Пана. Спадзяёмся, што артыкул у форме пытанняў і адказаў, дапаможа добра падрыхтавацца да споведзі.

Што такое добрая споведзь?


Добрая споведзь — гэта падрыхтаваная споведзь. Існуюць розныя практыкі. Часам добрая споведзь — гэта вынік таго, што хтосьці прысвяціў крыху часу, каб падрыхтавацца да яе. Увогуле так павінна быць з кожнай споведдзю.

"Крыху часу" гэта, напрыклад, гадзіна перад споведдзю?

Калі мы гаворым пра споведзь пасля доўгага перыяду, то логіка нам падказвае, што трэба прысвяціць больш часу. Гэта можа быць нават некалькі дзён, прысвечаных разважанням. Трэба спытаць сябе: як я перажыў гэты перыяд, што са мной здарылася, што паўплывала на тое, што маё жыццё выглядала так, а не інакш. Можна паставіць перад сабой тры галоўныя пытанні: як выглядала маё жыццё з Панам Богам, як выглядала маё жыццё з людзьмі і як выглядала маё жыццё ў адносінах да маіх абавязкаў? Гэта адзін са спосабаў падрыхтоўкі да споведзі, які больш падыходзіць людзям, якія спавядаюцца часцей. Той, хто прыступае да споведзі радзей, павінен паглыбіць гэтыя пытанні ў адносінах да Божых запаведзяў. Рахунак сумлення залежыць ад таго, як часта я спавядаюся. Калі я спавядаюся рэгулярна, гэта знак, што маё сумленне з'яўляецца больш чуллівым. Чалавек самастойна ўкладвае сабе пытанні і адказы, калі спавядаецца часцей. Калі споведзі з'яўляюцца рэдкімі, чалавек павінен дазволіць сабе дапамагчы, карыстаючыся ўжо напісаным рахункам сумлення, які можна знайсці ў малітоўніках і іншых рэлігійных крыніцах.

Як часта трэба спавядацца?

Паводле Кодэкса Кананічнага Права, «кожны вернік пасля дасягнення ўзросту распазнавання мае абавязак прынамсі раз на год спавядацца сасваіх цяжкіх грахоў» (пар. кан. 989).  Для падтрымкі духоўнага жыцця, безумоўна, дастаткова спавядацца адзін раз на год. Але ці дастаткова гэтага для асобы, якая прагне развівацца духоўна? Безумоўна, не. Для глыбокага духоўнага развіцця неабходна часта, рэгулярна хадзіць да споведзі. У некаторых парафіях існуе добры звычай спавядацца ў кожную першую пятніцу месяца. Несумненна, гэта прывучае вернікаў да сістэматычнасці і дапамагае ім рэгулярна прыступаць да сакраманту паяднання. Існуюць таксама перыяды ў жыцці чалавека, калі ён патрабуе больш частай споведзі. Але месяц — гэта такі час, які можна ахапіць памяццю і разважаннямі. Рэгулярная споведзь, нават калі мы не памятаем кожнага з 30 дзён, дазваляе добра перажыць гэты сакрамант, таму што ён з'яўляецца свядомым.

Якім павінен быць акт пакаяння?

Акт пакаяння павінен быць свядомым. Можна гэта параўнаць са словам "прабач", якое мы накіроўваем да бліжняга, якога мы пакрыўдзілі. Бо можна сказаць прабач "на адчапіся". Нібы фармальна мы папрасілі прабачэння, але фактычна? Таксама адбываецца і са споведдзю. Мы можам сказаць, што шкадуем, але на самой справе не адчуваем ніякага болю. А ў пакаянні павінен прысутнічаць укол сэрца, а не толькі пустыя словы. Павінна прысутнічаць пачуццё, што нешта было не так.

А абяцанне паляпшэння?

Пакаянне рэалізуецца тады, калі ў канфесіянале чалавек гаворыць: "больш грахоў я не памятаю, за ўсе шкадую і хачу выправіцца". Але ці ў гэты момант існуе сапраўдны шанец сапраўды пакаяцца і абдумаць усё, што зрабіў? Абяцанне палепшыцца з'яўляецца планам на тое, што будзе адбывацца пасля споведзі. Калі мы, пасля таго як выйдзем з канфесіяналу, вернемся да абяцання выправіцца, тады з'явіцца шанец папрацаваць над сабой.

Як трэба прызнавацца, што зграшыў?

Трэба гаварыць адкрыта, без недамовак. Важнымі з'яўляюцца абставіны і ўмовы граху. Калі гаворка ідзе пра смяротны грэх, які чалавек здзейсніў свядома і дабравольна супраць якой-небудзь запаведзі, то трэба сказаць, як часта гэты грэх быў дапушчаны.

Здараецца, што добрай споведзі перашкаджае сорам.

Было б страшна, калі б нашыя споведзі суправаджаліся не страхам, а раўнадушшам. Сорам з'яўляецца натуральным пачуццём у гэтай сітуацыі. Бо мы не прыходзім на споведзь, каб пахваліцца, але каб прызнаць, што ў нас штосьці не атрымалася. Але ніхто не думае, што можа як небудзь здзівіць ксяндза. Гэту думку трэба адкінуць. Грахі, пра якія вы хочаце яму расказаць, святар, напэўна, ужо чуў не раз, таму гэта не будзе для яго сюрпрызам.

А што адносна пакуты?

Увогуле пакута даецца для таго, каб кампенсаваць крыўду Богу і людзям. Калі хтосьці ў знак пакуты атрымаў адмаўленне малітвы і адчувае нейкае незадавальненне, ён заўсёды можа зрабіць штосьці большае.

Што мы павінны рабіць паміж адной і другой споведдзю, каб духоўна ўзрастаць?

Больш свядома жыць. Гэтаму дапаможа падвядзенне вынікаў кожнага дня — вячэрняя малітва. Варта кожны вечар ставіць перад сабой тры пытанні: 1) што добрага са мной сёння адбылося і за што я хачу падзякаваць Богу? 2) за што я павінен папрасіць прабачэння? 3) у чым мне спатрэбіцца заўтра Божая дапамога, аб чым варта Яго папрасіць? Тры хвіліны для Бога.

І на заканчэнне: мы павінны ісці да споведзі не таму, што трэба, а таму, што хочам. Таму што мы сустракаем там Любоў.


Паводле Grodnensis.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by