WYSIWYG Web Builder
Дэкрэт аб прызначэнні юбілейных святыняў на Святы 2025 год у Віцебскай дыяцэзіі

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч выдаў Дэкрэт аб прызначэнні юбілейных святыняў на Святы 2025 год у Віцебскай дыяцэзіі. 18 снежня дакумент быў апублікаваны на сайце Catholicnews.by.

“Spes non confundit”, “надзея не расчаруе” (Рым 5, 5).

“Я думаю пра ўсіх пілігрымаў надзеі, якія прыбудуць у Рым, каб перажыць Святы Год, а таксама пра тых, хто, не маючы магчымасці дабрацца да горада апосталаў Пятра і Паўла, будзе святкаваць яго ў мясцовых Касцёлах. Няхай для кожнага гэта будзе падзеяй жывой і асабістай сустрэчы з Панам Езусам, “брамай” збаўлення (Ян 10, 7.9.); з Тым, каго Касцёл мае місію заўсёды, паўсюль і ўсім абвяшчаць як “нашу надзею” (1 Цім 1, 1)”.

Папа Францішак, Була аб абвяшчэнні Юбілею Святога 2025 года, Spes non confundit.

ДЭКРЭТ
У адказ на абвяшчэнне Папам Францішкам Звычайнага Юбілею Святога 2025 года, прызначаю на час Святога Года ў Віцебскай дыяцэзіі (29 снежня 2024 – 28 снежня 2025 г.) наступныя юбілейныя святыні, якія стануць для вернікаў месцам пабожнай пілігрымкі, у якіх праз сакрамэнт пакаяння, праз падмацаванне святой Камуніяй і малітвай у інтэнцыях Святога Айца са скарбніцы Касцёла можна атрымаць поўны адпуст, прабачэнне і адпушчэнне сваіх грахоў, які таксама можна ахвяраваць за душы, якія церпяць у чысцы:

малая базыліка Нараджэння Маці Божай у Браславе;
касцёл Нараджэння Маці Божай ў Верхнядзвінску;
катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску;
касцёл святога Казіміра ў Лепелі;
касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста ў Наваполацку;
касцёл святога Юзафа ў Оршы;
касцёл святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах;
касцёл Беззаганнага Зачацця Панны Марыі ў Удзелe.

Няхай юбілейныя святыні нашай дыяцэзіі будуць духоўнымі аазісамі, у якіх кожны ахвотны зможа аднавіць дарогу веры і наталіць смагу з крыніцы надзеі, перадусім прыступаючы да сакрамэнту паяднання, незаменнай адпраўнога пункту для сапраўднага шляху навяртання.

Заахвочваю ўсіх святароў, якія нясуць душпастырскую паслугу ў Віцебскай дыяцэзіі, а асабліва душпастыраў юбілейных святынь, ахвярна служыць братам і сёстрам у сакрамэнце пакаяння і паяднання і забяспечыць даступнасць гэтага  сакрамэнту ў індывідуальнай форме.

Заахвочваю таксама святароў, духоўных і свецкіх асобаў здзяйсняць парафіяльныя пілігрымкі, а таксама пілігрымкі ў індывідуальнай форме да юбілейных святынь — «святых месцаў гасціннасці і прывілеяваных прастораў надзеі» (Spes non confundit, 24).

Нягледзячы на правіла, згодна з якім у дзень можна атрымаць толькі адзін поўны адпуст (Enchiridion Indulgentiarum, 4-е выд., норма 18, § 1), вернікі таксама атрымаюць акт міласэрнасці для душаў церпячых у чыстцы, калі законна прымуць сакрамэнт Камуніі другі раз у той самы дзень (гэта значыць падчас удзелу ў эўхарыстычнай цэлебрацыі. Пар. ККП, кан. 917; Папская камісія па справах сапраўднай інтэрпрэтацыі Кодэкса кананічнага права, Responsa ad dubia, 11 ліпеня 1984 г.). Такім чынам, вернікі змогуць атрымаць поўны адпуст двойчы ў той самы дзень, ахвяруючы яго выключна за памерлых (Нормы ўдзялення адпусту падчас Звычайнага Юбілейнага 2025 года, ІІІ).

У Буле аб абвяшчэнні Юбілею Святога 2025 года пад назваю Spes non confundit Папа Францішак, між іншым, піша: «У Юбілейным годзе кожны з нас пакліканы быць адчувальным знакам надзеі для многіх братоў і сясцёр, якія жывуць у цяжкіх умовах» (Spes non confundit, 10). Таму вернікі змогуць атрымаць поўны юбілейны адпуст, калі наведаюць і прысвецяць адпаведны час братам, якія знаходзяцца ў патрэбе або ў цяжкім жыццёвым становішчы (хворым, вязням, адзінокім пажылым людзям, інвалідам і г.д), пілігрымуючы да прысутнага ў іх Хрыста (пар. Мц 25, 34 015036) і выконваючы звычайныя духоўныя, сакрамэнтальныя і малітоўныя ўмовы (Нормы ўдзялення адпусту падчас Звычайнага Юбілейнага 2025 года, ІІІ).

Усім пілігрымам надзеі, якія скіруюцца да юбілейных святынь нашай дыяцэзіі, удзяляю пастырскае благаслаўленне.

✠ Алег Буткевіч 
Біскуп Віцебскі

Кс. кан. Віктар Місевіч
      Канцлер Курыі

Catholicnews.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by