WYSIWYG Web Builder
Шанс на новае жыццё
3 сакавіка ў чарговы раз у нашай святыні прайшлі сутрэчы з прадстаўнікамі цэнтра дапамогі залежным "Светач", які размяшчаецца ў Бягомлі. Пасля кожнай святой Імшы былыя яго наведвальнікі дзяліліся інфармацыяй аб асаблівасцях дзейнасці дабрачыннай установы.
Цэнтр дапамогі залежным "Светач" быў створаны ў 2016 годзе. Яго мэта — даць магчымасць пазбавіцца ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці, здабыць поўную свабоду, вярнуцца да паўнацэннага жыцця ў грамадстве.  Падтрымку ў арганізацыі работы Цэнтра аказала каталіцкая супольнасць. Айцец Тадэвуш Кавальскі OFM Cap, пробашч бягомльскай парафіі, для якога дапамога залежным займае асаблівае месца ў яго служэнні, прапанаваў памяшканне і сваю душпастырскую апеку.

Скарыстацца паслугамі Цэнтра можа любы чалавек незалежна ад сацыяльнага статусу, полу, узросту, веравызнання. Галоўнае — моцнае жаданне навучыцца жыць без алкаголю і наркотыкаў. Цэнтр аказвае таксама псіхалагічную і кансультацыйную дапамогу сузалежным (членам сям'і алкаголікаў і наркаманаў).

Знаходжанне ў Цэнтры прадугледжвае ананімнасць і канфідэнцыяльнасць. Праграма рэабілітацыі ўключае праходжанне тэрапеўтычнай, адукацыйнай і духоўнай праграмы. Працэс выздараўлення даволі працяглы і ўключае некалькі этапаў:

— вызваленне арганізма ад псіхічна актыўных рэчываў, калі гэта неабходна. Ажыццяўляецца гэты этап у медыцынскіх установах (наркалогія) пад наглядам кваліфікаванага персаналу;

— рэабілітацыйны працэс. Адбываецца ў Цэнтры пад назіраннем псіхолагаў і доўжыцца ад 1-го да 3-х месяцаў. На гэтым этапе шырока выкарыстоўваецца працоўная тэрапія.

— сацыяльная адаптацыя. Ажыццяўляецца на працягу некалькі гадоў з абавяковым суправаджэннем псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў.

На ўсіх этапах выздараўлення залежным аказваецца духоўная падтрымка. Яна дапамагае сфарміраваць маральныя прынцыпы і перакананні для далейшага жыцця ў грамадстве.

Дзейнасць Цэнтра ажыццяўляецца за кошт ахвяраванняў, таму пасля сустрэчы ахвотныя маглі аказаць фінансавую падтрымку. Больш падрабязна пра Светач можна даведацца на афіцыйным сайце.

Жанна Закрэўская
03.03.2024

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by