Цэнтр дапамогі залежным "Светач" у Бягомлі дзейнічае ўжо дзясяты год. За гэты час у ім прайшлі рэабілітацыю больш 300 чалавек, з іх каля 40 адсоткаў не ўжываюць цяпер алкаголю. Знаходжанне ў цэнтры ананімнае і канфедэнцыяльнае. Да кожнага, хто прыходзіць па дапамогу ў цэнтр, прымяняецца індывідуальны падыход. Спецыялісты гатовы ўзяцца за праблему любой складанасці і абяцаюць падтрымку на працягу ўсяго жыцця. Галоўнае — жаданне чалавека пазбавіцца залежнасці.
Алкагалізм — гэта вельмі вялікая бяда для чалавека, з якой ён не можа справіцца адзін. "Дапамагчы алкаголіку можа толькі алкаголік, які больш не ўжывае спіртных напояў". Большасць супрацоўнікаў цэнтра — гэта людзі, якія ў мінулым былі залежныя ад алкаголю, але змаглі перамагчы хваробу.
Кіраўнік цэнтра падзяліўся ўласнай жыццёвай гісторыяй: "Я — алкаголік, але не п'ю алкаголю ўжо амаль дваццаць гадоў. Падтрымкай на шляху майго выбаўлення ад залежнасці стала мая маці. Дванаццаць гадоў яна няспынна малілася за мяне. Працавала ў гаспадарцы даярка, рана ўставала на працу, выконвала шматлікія хатнія абавязкі і ўвесь час малілася. Бог пачуў яе малітвы і даў мне сілы ў барацьбе з алкагалізмам. Мы ўпэўненыя, што без Бога чалавек не зможа пераадолець сваю залежнасць, таму праграма рэабілітацыі прадугледжвае ўзаемадзеянне са святаром і яго падтрымку".