Разважаючы над словамі прарока Ісаі: «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае» (Іс 9, 1), арцыбіскуп заўважыў: "Гэтым народам з’яўляемся мы, якія часта перажывалі боль і пакуты трагічных падзей, наканаваных нам гісторыяй, але таксама падтрыманыя вернасцю, салідарнасцю і святлом веры, што ніколі не згасае. Гэтае святло — уваскрослы Хрыстус, а Марыя — світанак, які прадвяшчае Яго прыйсце. Сваім ціхім і адважным «так» Яна прымушае цемру пачынаць рассейвацца. Яна — жанчына, якая паверыла, якая спадзявалася насуперак усялякай надзеі, якая захоўвала ў сваім сэрцы Божае абяцанне да самага нараджэння Езуса ў Бэтлееме."
Далей прадстаўнік Папы Рымскага ўзгадаў словы Льва XIV скіраваныя да вернікаў падчас малітва «Анёл Панскі» 6 ліпеня 2025 года: «Касцёл і свет не маюць патрэбы ў людзях, якія выконваюць свае рэлігійныя абавязкі, выстаўляючы сваю веру напаказ як знешнюю шыльду; наадварот, ім патрэбныя рашучыя работнікі, гатовыя працаваць на ніве місіі; поўныя любові вучні, якія сведчаць пра Валадарства Божае, дзе б яны ні знаходзіліся. Магчыма, няма недахопу ў „выпадковых хрысціянах“, якія час ад часу аддаюцца нейкім добрым рэлігійным пачуццям або ўдзельнічаюць у нейкім мерапрыемстве, але мала хто гатовы кожны дзень працаваць на Божай ніве, узрошчваючы зерне Евангелля ў сваіх сэрцах, каб потым несці яго ў сваё штодзённае жыццё, у сем’і, на працу і ў навучальныя ўстановы, у розныя грамадскія асяродкі і тым, хто ў патрэбе». Арцыбіскуп падкрэсліў, што гэты заклік скіраваны да кожнага з нас.
"Папросім Марыю, жанчыну, якая адказала «так» і верную слугу, даць нам адважную і ўцелаўлёную веру, здольную слухаць Слова, жыць ім і абвяшчаць яго з пакорай і адвагай. Няхай Яе прыклад натхняе нас падтрымліваць надзею, спадарожнічаць у цяжкасцях і быць сапраўднымі сведкамі Божага Валадарства, куды б нас ні паслаў Пан Бог" — заклікаў іерарх.