У 1949 годзе савецкія ўлады зачынілі мёрскі касцёл і зрабілі ў ім зернясховішча. Многія вернікі, у тым ліку і Браніслаў Мароз, на конях ездзілі ў іншыя святыні – у Браслаў, у Ідолта, нават у суседнюю Латвію. Сакрамант бежмавання хлопец прыняў у Педруі (раней Прыдруйск або Старая Друя). На пароме праз Заходнюю Дзвіну ў Латвію тады ехала вельмі шмат вернікаў, бо біскупаў у нашай краіне на той час не было і не было магчымасці прыняць сакрамант бежмавання. Сярод мноства знаёмых і незнаёмых людзей была таксама дзяўчына Ядзя, але Божы провід толькі сутыкнуў маладых людзей і развёў іх да часу.
Іх знаёмства адбылося крыху пазней, калі малады хлопец Браніслаў, пасля заканчэння мінскай школы кінамеханікаў, прывёз для паказу кіно ў вёску Каменполле. Менавіта ў гэтай вёсцы нарадзілася і вырасла Ядзвіга Францаўна. Маладыя людзі пакахалі адзін аднаго, аднак вяселле адбылося не адразу. Нявеста тры гады чакала свайго абранніка з арміі.
13 красавіка 1961 года Браніслаў Юльянавіч і Ядзвіга Францаўна стварылі сям'ю. Сакрамант шлюбу маладым у 10 гадзін вечара ў мёрскім касцёле пры запаленых свечках (святло нельга было ўключаць з-за канспірацыі - заўв. аўт.) удзяліў ксёндз Ян Грабоўскі. Усё рабілася ўпотай, бо гэта былі часы ваяўнічага атэізму. Браніслаў Юльянавіч і Ядзвіга Францаўна пражылі разам 54 гады. Выхавалі дзяцей, унукаў, дачакаліся праўнукаў. Адзначылі залатое вяселле.