WYSIWYG Web Builder
Божае Нараджэнне: гісторыя, традыцыі святкавання і сімвалы вігілійнага вечара
Няспынна бяжыць час. Ужо праз пару дзён з першай зоркай у небе сем’і збяруцца за сталом, каб Вігілійнай вячэрай распачаць святкаванне Нараджэння нашага Збаўцы. Вядома, галоўнае месца ў гэтым святым часе займае вігілійная святая Імша – "Пастэрка", якая звычайна цэлебруецца позна ўвечары 24 снежня.
Божае Нараджэнне — адно з найбольш цудоўных святаў хрысціянства. Яно, як і многія, мае сваю адметную і цікавую сімволіку ў святкаванні. Узгадаем пра некаторыя сімвалы вігілійнага вечара i што неабходна памятаць, каб належна прыняць у свае сэрцы, дамы і сем’і нованароджанага Хрыста.

Напярэдадні свята, 24 снежня, адзначаецца яго вігілія («начное чуванне»). У каталіцкім касцёле так называюць дні, якія папярэднічаюць найважнейшым святам. Але найчасцей гэтае слова мы звязваем з днём перад святам Нараджэння Пана. У гэты дзень у сем’ях упрыгожваюць ёлкі, робяць стаенкі. Гісторыя стаенак бярэ свой пачатак у сярэднявеччы. Святы Францішак Асізскі ў 1223 г. у Грэччо (Умбрыя, цэнтральная Італія) упершыню арганізаваў святочную стайню, каб наблізіць да вернікаў гісторыю Нараджэння Хрыста. Францішканскі закон падтрымаў ідэю стаенак і распаўсюдзіў гэтую традыцыю амаль па ўсёй Еўропе.

Што датычыцца ёлкі, то яе павінны ўпрыгожваць удзень перад вігілійнай вячэрай, калі мы ўзгадваем нашых прабацькоў, Адама і Еву. Пачаткі традыцыі ўпрыгожвання ёлкі некаторыя бачаць у Кнізе Ісаі. “Гонар Лібана прыйдзе да Цябе: разам кіпарыс, вяз і самшыт, каб упрыгожыць святое месца”. (Іс 60,13). Негледзячы на тое, што сёння найчасцей ставяць штучную ёлку, яна сімвалізуе райскае дрэва жыцця, доступ да якога мы згубілі з-за першароднага граху. Падзенне і адкупленне чалавека, якія змяшчаюцца ў сімволіцы гэтага ўпрыгожанага дрэўца. Езус вяртае чалавецтву доступ да вечнага жыцця. Ён з’яўляецца пладом адкуплення, «Дрэвам жыцця».

У Беларусь звычай вігілійнай вячэры прыйшоў у ХVІІІ ст. Згодна з традыцыяй, вячэра распачынаецца пасля таго, як на небе загарыцца першая вечаровая зорка. Гэты звычай нарадзіўся падчас успаміну бетлеемскай зоркі, якую ўбачылі мудрацы і вельмі ўзрадаваліся (Мц 2,10). Вігілійны стол засцілаем белым абрусам, пад які кладзём сена. Бель абруса нагадвае нам пра бездакорную чысціню алтара, а таксама чысціню нашых сэрцаў, думак і памкненняў у гэты цудоўны вечар. Жменя сена пад белым абрусам на стале сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Езус у Бэтлееме. Стол таксама можна ўпрыгожыць яловымі лапкамі. Разам з поснымі стравамі на стол ставім талерку з аплаткай. Па традыцыі пакідаем адно вольнае месца для нечаканага госця.

Калі на небе з’яўляецца першая зорка, бацька ці маці запальвае свечку на вігілійным стале, гаворачы пры гэтым: “Святло Хрыста”. Усе адказваюць: “Дзякуй Богу”.

Памаліўшыся і зачытаўшы адпаведны ўрывак з Евангелля (можна Лк 2, 1–20), усе дзеляцца аплаткай і складаюць адно аднаму калядныя віншаванні і пажаданні. Аплатка, па-лацінску «oblatum» — ахвярныдар. Дзелячыся аплаткай, мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, мы дзелімся з ім сваёй дабрынёй. Дзяленне аплаткай пасля прачытанага ўрыўку з Евангелля і малітвы з’яўляецца найважнейшым момантам вігілійнай вячэры.
Вігілійную вячэру, якая распачынаецца пасля дзялення аплаткай, называюць куццёю (ад назвы крупяной кашы — куцці, якая абавязкова павінна быць у гэты вечар на стале). На стол ставяць толькі посныя стравы. Колькасць страў можа быць рознай. Гэта залежыць ад матэрыяльнага стану сям’і, ад мясцовых звычаяў і здольнасцяў гаспадыні. Колькасць можа быць парная або не. У некаторых рэгіёнах рыхтуюць 12 страў, якія сімвалізуюць 12 апосталаў. Найважнейшай стравай з’яўляецца рыба. У старажытныя часы яна сімвалізавала Хрыста. З асобных літар гэтага слова, запісанага ў транскрыпцыі з грэчаскага, хрысціяне чыталі так: Jesus Christos Theu Hios, Soter – Езус Хрыстус Сын Бога, Збаўца.

Перад тым, як сесці за святочны стол, адгаворваем малітву:

Паблаславі, Божа, нас, гэтую ежу і тых, хто яе прыгатаваў, у імя памяці аб нараджэнні Твайго Адзінароднага Сына, Пана нашага Eзуса Хрыста. Амэн”.

У чаканні Пастэркі – урачыстай св. Імшы на Божае Нараджэнне – спяваем калядныя песні.

Паводле Pio.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by