На святой Імшы было вельмі шмат дзяцей, якія прыйшлі каб атрымаць бласлаўленне і асвяціць свае школьныя прылады да новага навучальнага года. Вядома, што гэта вельмі важная справа, аднак варта не забывацца таксама пра заняткі па рэлігіі, якія хутка распачнуцца.
Старшыня Камісіі ККББ па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы біскуп Уладзімір Гуляй у Пастырскім лісце на новы навучальны і катэхетычны год 2025/2026 падкрэсліў: "Ведаю, што дзеці звычайна вельмі абцяжараны вучобай у школе, пры гэтым часта наведваюць дадатковыя пазашкольныя заняткі, гурткі, займаюцца спортам, вучацца танцам, музыцы, маляванню ці развіваюць іншыя таленты. Усё гэта, якім бы патрэбным і годным пахвалы яно ні было, не можа быць для нас, хрысціян, важнейшым за рэлігійнае выхаванне дзяцей. Памятайце словы Хрыста: «Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а […] усё дадасца вам» (Мц 6, 33). Прыкладам поўнага даверу Богу ў здзяйсненні выбару і прыняцці рашэнняў няхай будзе святы апостал Павел, які пісаў пра сябе: «Што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай. Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Езуса Хрыста, майго Пана» (Флп 3, 7-8)."