WYSIWYG Web Builder
Запрашаем у аўтобусную пілігрымку па святынях Гродзеншчыны

27-28 ліпеня 2024 года плануецца аўтобусная пілігрымка “Мёры – Гродна”. Асноўнымі месцамі наведвання стануць дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Тракельскай і катэдральная базыліка святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне, дзе знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай.
Падчас пілігрымкі плануецца наведаць найбольш вядомыя каталіцкія святыні Гродзеншчыны. Сярод іх касцёл Святога Міхала Арханёла ў Міхалішках — помнік сармацкага барока Вялікага Княства Літоўскага.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах, які з’яўляецца выдатным прыкладам неагатычнага стылю. Яго часта называюць беларускім Нотр-Дамам і маленькай Швейцарыяй – такіх велічных і прыгожых каталіцкіх касцёлаў па ўсім свеце сапраўды няшмат.
Наступным месцам прыпынку стануць Гальшаны. Гісторыя касцёла і кляштара францішканаў у Гальшанах налічвае ўжо амаль 400 год. На Беларусі няшмат месцаў могуць пахваліцца такой колькасцю легендаў і паданняў аб сваім мінулым, як Гальшаны: замураваная ў сценах кляштару дзяўчына, якая стала гальшанскай Белай Дамай, гальшанскія скарб і іншыя.
У дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Тракельскай – апякункі сем’яў, памолімся на святой Імшы да Багародзіцы ля цудадзейнага абраза. Згодна з легендай абраз быў намаляваны ў Вільні ў канцы ХVІ ст., а ў 1595 годзе яго прывезлі ў Тракелі.

У 1994 г. Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч зрабіў касцёл у Тракелях дыяцэзіяльным санктуарыем. 5 ліпеня 2009 года адбылася ўрачыстая каранацыя абраза папскімі каронамі. Здзейсніў акт каранацыі кардынал Казімір Свёнтэк.
Канчатковым месцам падарожжа стане Гродна, дзе спынімся на начлег у Гродзенскай духоўнай семінарыі.

У нядзелю 28 ліпеня наведаем катэдральны касцёл святога Францішка Ксаверыя. У ім знаходзіцца абраз Маці Божай Кангрэгацкай, які з’яўляецца копіяй італьянскага абраза “Пратэктарка Рымлян” (Salus Populi Romani) з базылікі Santa Maria Maggiore.

Невялікі абраз, які намаляваны на меднай пласціне, быў прывезены з Рыма ў 1-ай палове XVII ст. і да цяперашняга часу знаходзіцца ў базыліцы. 28 жніўня 2005г. цудадзейны абраз быў каранаваны папскімі каронамі.
Пасля святой Імшы ў базыліцы, наведаем касцёлы ў старой частцы Гродна.

На зваротным шляху спынімся ў агратурыстычным комплексе Каробчыцы.


Прыкладны план пілігрымкі:

27 ліпеня

Мёры – ад’езд ад касцёла а 6-ай гадзіне. 

Міхалішкі – касцёл св. Міхала.

Гервяты – касцёл Найсвяцейшай Тройцы. 

Гальшаны – касцёл св. Якуба.

Тракелі – санктуарый Маці Божай Тракельскай. Святая Імша, пасілак.

Гродна. Духоўная семінарыя – вячэра, начлег.

28 ліпеня

Гродна. Духоўная семінарыя – сняданне.

Св. Імша ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя. Наведванне касцёлаў у старой частцы горада. 

Каробчыцы. Наведванне агратурыстычнага комплексу.

Прыезд у Мёры каля 23-яй гадзіны.


З сабой абавязкова неабходна ўзяць ружанец і малітоўнік, сродкі асабістай гігіены і неабходныя лекі.


Кошт пілігрымкі 150 рублёў.

Запіс да 30 чэрвеня ў сакрыстыі.

Па ўсіх пытаннях звяртацца да пробашча парафіі ксяндза Андрэя Куліка, тэл.+375292160286.
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by