WYSIWYG Web Builder
14 снежня – III Нядзеля Адвэнту, Нядзеля радасці
ІІІ Нядзеля Адвэнту ў Касцёле называецца Нядзеляй „Gaudete”, ці Нядзеляй радасці. Часам яе называюць таксама “Ружовай нядзеляй”, бо гэта адзін з двух дзён у годзе, калі святар можа цэлебраваць літургію ў адзенні ружовага колеру.
Назва гэтай нядзелі паходзіць ад словаў імшальнай антыфоны на ўваход: “Gaudete in Domino semper”, ці “Радуйцеся заўсёды ў Пану”. Тэксты літургіі гэтай нядзелі напоўнены радасцю з-за прадвешчанага прыйсця Хрыста і дару адкуплення, які Ён прыносіць.

У адвэнтавай літургіі колер літургічнага адзення фіялетавы. Гэты колер з’явіўся ў выніку змешвання сіняга і чырвонага, якія адпаведна выражаюць духоўнае і цялеснае; фіялетавы азначае барацьбу паміж духам і целам. Таксама злучэнне сіняга і чырвонага сімвалізуе здзейсненае праз Уцелаўленне Хрыста з’яднанне боскага з чалавечым. Фіялетавы, як каралеўскі колер, у літургіі абвяшчае нам таксама прыход Караля.

Часам замест фіялетавага выкарыстоўваецца ярка-сіні, які таксама адносіцца да каралеўскіх, а акрамя таго, сімвалізіруе начное неба, або чаканне аб’яўлення Караля. Ярка-сіні колер яшчэ сімвалізіруе ваду, як пачатак стварэння з першай главы кнігі Быцця. Да Адвэнту гэта мае сваё дачыненне таму, што Богаўцелаўленне, якое мела збаўчае значэнне, ёсць „новым стварэннем”, як гэта акрэсліваюць каталіцкія тэолагі.

Але фіялетавы колер мае яшчэ значэнне пакуты і смутку. Падкрэслівае ён сувязь нараджэння Езуса з Яго смерцю. Нараджэнне Езуса і Яго смерць не можна аддзяліць, таму што мэта Богаўцелаўлення перш за ўсё – Адкупленне. Слова сталася целам і пасялілася сярод нас, каб праз жыццё, навучанне, муку, смерць і ўваскрасенне Езуса аб’явіць усяму свету Бога і Яго Міласць да чалавека. Фіялетавы колер, як колер смутку, прыпамінае тыя часы, калі людзі сумавалі па доўгачаканым Збаўцы. Сёння фіялетавы колер заклікае нас да пакуты за грахі і да духоўнай паправы. На падцвярджэнне гэтага і для стварэння настрою пакуты і чакання святар апранае на Святую Літургію арнат фіялетавага колеру.

Выключэннем з’яўляецца менавіта ІІІ Нядзеля Адвэнту – так званая Нядзеля „Gaudete”. Тады ў літургічнага адзення ружовы колер, які выражае перавагу святла, а тым самым блізкасць Божага Нараджэння. Традыцыя святкавання Нядзелі „Gaudete” паўстала ў часы, калі Адвэнт меў тыповы характар посту. Тады такім чынам акцэнтаваўся перапынак у посце, гэта быў адзіны радасны акцэнт Адвэнту. Сёння, калі Адвэнт ужо не з’яўляецца часам пакаяння, ружовы колер указвае на кульмінацыйны пункт гэтага перыяду, а тым самым становіцца знакам блізкай ужо радасці ад нараджэння Хрыста.

У літургіі III Нядзелі Адвэнту дамінуе акцэнт радасці, бо ўсё бліжэй той дзень, якога мы чакаем, дзень, калі прыйдзе Пан. Падрыхтоўка нашых сэрцаў і думак да канчатковага прыйсця Пана – прычына таго, што ўжо сёння мы павінны цешыцца, радавацца набліжэнню прыйсця Збаўцы, бо „Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць! Будзе вельмі радавацца табе, узрушаны ў любові сваёй, будзе цешыцца табою ў весялосці, як у святочны дзень” (Саф 3, 17).

Будзем радавацца, бо прыйсце Пана ўжо блізка, аднак у радасным чаканні: прыбіраючы пакой да свята, рыхтуючы падарункі сваім блізкім, памятаем, што важным абавязкам верніка з'яўляецца "прыбраць" пакой сваёй душы – прыступіць да сакраманту пакаяння. У нашай парафіі гэта можна зрабіць штодня перад ранішняй і вячэрняй Імшой, а 23 снежня адбудзецца Дзень споведзі, калі сакрамант пакаяння будуць удзяляць таксама святары з іншых парафій. Заахвочваем скарыстацца гэтай магчымасцю, каб на Божае Нараджэнне падараваць Пану свае чыстыя сэрцы.

Паводле Grodnensis.by

13.12.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by