WYSIWYG Web Builder
Падрыхтуйце дарогу Пану
Распачынаючы другі тыдзень Адвэнту, кіруем свой позірк на Яна Хрысціцеля. Будучы прадвеснікам публічнага служэння Езуса Хрыста, прарок заклікаў да пакаяння і навяртання, бо час прыйсця Збаўцы блізка. Сёння ён нам таксама нагадвае, што часу падрыхтоўкі да Божага Нараджэння застаецца ўсё менш.
Прайшоў тыдзень Адвэнту. Як адзначыў падчас Раратаў пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік, мы ўжо маем магчымасць зрабіць першыя падсумаванні: наколькі плённа мы перажываем гэты літургічны перыяд, ці ўдаецца выконваць пастановы, рабіць добрыя ўчынкі, быць адкрытым, добразычлівым і міласэрным. Магчыма не ўсё атрымоўваецца так, як мы запланавалі, аднак нельга апускаць рукі, а, наадварот, неабходна імкнуцца толькі наперад, каб дасягнуць поспехаў.

Мы добра ведаем, што чалавек у сваім духоўным развіцці патрабуе Божай дапамогі. Найлепшай прадтрымкай і бласлаўленнем у штодзённых справах з'яўляецца ўдзел у Раратах. Распачынаючы дзень з Богам, мы ўмацоўваемся ў духу для выканання сваіх абавязкаў. Упэўнена, што гэта адчуваюць многія нашы вернікі. Прыемна было заўважыць на гэтым тыдні, што з кожным разам дзяцей на Рараты прыходзіла ўсё больш. Дзякуй бацькам, якія разумеюць важнаць фарміравання духоўнага падмурка сваіх дзяцей. Удзельнічаючы ў Раратах, або проста ў святой Імшы, усёй сям'ёй, бацькі паказваюць сапраўны прыклад рэлігійнага жыцця. Ні святары і катэхеты, ні рэлігійная літаратура і сайты не змогуць так пераканаць дзіця хадзіць у касцёл, як прыклад бацькоў. Калі мама і тата ўстаюць на гадзіну раней, каб разам пайсці ў касцёл — значыць гэта сапраўды важна. Калі ў касцёле побач я бачу сваіх суседзяў, аднакласнікаў, знаёмых — значыць я не адзін. Заахвочваем бацькоў, нягледзячы на цяжкасці і акалічнасці, знайсці ў сёлетнім Адвэнце час на Рараты і стаць прыкладам сапраўдных вернікаў для сваіх дзяцей.

Нараджэнне Збаўцы ўсё бліжэй, аднак яшчэ ёсць час для нашай перамены да лепшага, час для ўпарадкавання нашага жыцця, час для годнага выканання сваіх абавязкаў, якія вынікаюць з нашага паклікання. Калі мы зможам згарманізаваць свае справы і плённа выкарыстаць час Адвэнту, тады адчуем праўдзівую радасць жыцця, а Божае нараджэнне стане сапраўдным святам.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by