Марыя — духоўны вітраж
14 жніўня а 15-ай гадзіне ў нашай святыні адбылася парафіяльная ўрачыстасць. Канцэлебраваную святую Імшу ўзначаліў доктар біблійнай тэалогіі пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі ксёндз Сяргей Сурыновіч, які таксама прамовіў гамілію да вернікаў.
На свята сабралася шмат парафіянаў і гасцей. Велічна і прыгожа выглядаў наш касцёл у сваю 115-ую гадавіну. Гэтаму садзейнічала папярэдняя малазаўважная, аднак руплівая праца. На працягу некалькі дзён парафіяне на чале са сваім пробашчам рыхтавалі святыню да ўрачыстасці. Кветкавыя кампазіцыі, якія ўмела і крапатліва стварыла Ганна Яблонская, надавалі ёй своеасаблівы воблік.
На пачатку святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік прывітаў прысутных і прадставіў святароў, якія прыбылі на ўрачыстасць, а таксама звярнуўся да ксяндза Сяргея Сурыновіча з просьбай узначаліць Эўхарыстыю.
У сваёй гаміліі, захапляючыся выглядам нашай святыні, асабліва вітражоў, якія ўпрыгожваюць яе алтарную частку, доктар біблійнай тэалогіі ксёндз Сяргей Сурыновіч адзначыў: "Марыя з'яўляецца нашым духоўным вітражом, які напаўняе нас глыбока ўнутры, напаўняе нашыя сэрцы, нашыя душы святлом Боскім. Ад самай хвіліны Звеставання Марыя мела ўдзел у жыцці і дзейнасці Хрыста.<...>"

"<...> Наш позіркі сёння асаблівым чынам кіруецца да Найсвяцейшай Панны Марыі Унебаўзятай: "Марыя, будзь нам прытулкам у надзеі. Ласкава паглядзі на сабраны тут верны народ, сярод якога людзі, якія прагнуць цябе, прагнуць твайго мацярынства. А таксама кожны, хто знаходзіцца на скрыжаванні дарог, не ведае, якой  пайсці, каб з аднаго боку быць дастаткова сучасным чалавекам, карыстацца сучаснымі дабротамі, а з іншага
захоўваць сваю хрысціянскую тоеснасць, вернасць Касцёлу, вернасць Богу, шануючы Найсвяцейшую Панну Марыю".
Пасля Літургіі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой памаліліся літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі. Кульмінацыяй адпустовай урачыстасці стала эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Крочачы ў працэсіі ў прыгожых строях, дзеці і дарослыя з павагай і пашанай узносілі хвалу Езусу, укрытаму ў Эўхарыстыі.
Завяршылася набажэнства ў касцёле гімнам "Цябе, Божа, праслаўляю".
Адпустовая ўрачыстасць прайшла прыгожа і ўзнёсла, у гэтым заслуга літургічнай службы, якая выконвала зладжана і дакладна свае абавязкі. Цудоўнымі спевамі і музычным аздабленнем упрыгожылі святую Імшу парафіяльны хор пад кіраўніцтвам Яўгеніі Баговіч і моладзь пад кіраўніцтвам Антона Анецькі. Як заўсёды на высокім узроўні арганізавалі працэсію вакол касцёла Эдуард Шэнда і Наталля Гарноўская.

Пасля набажэнства пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падзякаваў прысутным за супольную малітву і ўдзел ва ўрачыстасці. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас тых, хто прычыніўся да яе падрыхтоўкі.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by