Пра гісторыю ўзнікнення свята Узвышэння Крыжа распавёў падчас гаміліі айцец Ігар Колзун OFMCap, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах. Святар адзначыў, што крыж ва ўсе часы карыстаўся асаблівай пашанай сярод вернікаў, бо ён з'яўляецца не толькі інструментам жорсткай смерці і сімвалам найгоршых пакут, але крыніцай нашага збаўлення. Крыж Хрыста – гэта знак перамогі над злом, д’яблам і смерцю.
На заканчэнне гаміліі айцец Ігар заахвоціў задумацца вернікаў над тым, чым з'яўляецца крыж для кожнага з нас. Святар падкрэсліў, што насіць на сабе крыж неабходна з належнай пашанай, як сімвал Хрыста Збаўцы, а не як упрыгожванне. Прамоўца засяродзіў таксама ўвагу на пабожным удзяленні знаку крыжа і перасцярог ад нядбайнасці і паспешлівасці.