Тэму крыжа прадоўжыў у сваёй гаміліі ксёндз Павел Самсонаў, які спачатку ўзгадаў гісторыю знаходжання Крыжа Збаўцы, а затым заахвоціў задумацца: "Чым з'яўляецца для нас крыж?". Святар падкрэсліў, што Пан Бог дае нам не крыж, а сілы, каб пераадолець усе цяжкасці і выпрабаванні, якія, часам, узнікаюць па нашай віне. Цяжар штодзённага крыжа залежыць не ад Бога, а ад кожнага з нас, ад таго, што мы выбіраем. Пан Бог навучае нас любіць і прабачаць, аднак вельмі часта мы робім тое, што супярэчыць Божай волі.
Крыж нагадвае нам пра бескарысную любоў Бога да чалавека. Ён і сёння імкнецца ўратаваць кожнага з нас ад небяспекі граху. Мы не павінны саромецца крыжа, а наадварот, смела яго вызнаваць, каб крочыць за Хрыстом.