Асаблівасці атрымання поўных адпустаў падчас актавы Усіх Святых
Распачалася актава Усіх Святых. У гэты час з 1 па 8 лістапада католікі могуць атрымаць поўны адпуст за наведванне могілак і малітву ў інтэнцыях памерлых. Калі ў дзень наведвання няма магчымасці прыняць святую Камунію, гэта можна зрабіць у іншы дзень.
Што такое адпуст?

Кананічнае права Каталіцкага Касцёла вызначае адпуст як «адпушчэнне перад Богам часовага пакарання за грахі, ужо адпушчаныя ў тым, што датычыцца віны, які вернік атрымлівае на дакладна ўсталяваных умовах праз дзеянне Касцёла».

Што гэта азначае? Падчас споведзі святар адпускае чалавеку віну, але наступствы граху застаюцца. Атрымаць адпуст — гэта значыць ліквідаваць наступствы граху.

Усталёўваць адпусты можа толькі найвышэйшая ўлада Касцёла: Рымскі Пантыфік і тыя структуры, якім Папа дэлегуе гэтыя абавязкі. Як правіла, гэта Кангрэгацыі і Апостальская Пэнітэнцыярыя — адмысловы трыбунал, які займаецца ўсімі пытаннямі сакрамэнту пакаяння.

У чым розніца паміж поўным і частковым адпустам?

Адпуст бывае частковы або поўны ў залежнасці ад таго, якім чынам ён вызваляе ад пакарання за грахі: часткова або цалкам.

Поўны адпуст
— гэта адпуст, калі чалавеку цалкам прабачаецца часовае пакаранне. Мы верым, што калі ахвяруем адпуст за памерлых, то чалавек поўнасцю ачышчаецца і ідзе ў неба.

Частковы адпуст
— гэта, па сутнасці, кожная наша малітва, Ружанец ці Літанія. Ахвяруючы іх за памерлых, мы набліжаем іх збаўленне.

За каго можна ахвяраваць адпуст?

Адпуст можна атрымаць за саміх сябе або ахвяраваць яго за кагосьці з памерлых. Ахвяраваць адпуст за іншых жывых людзей немагчыма.

Прабачэнне віны ўдзяляецца падчас споведзі толькі жывым. Дараванне наступстваў граху можна ахвяраваць за памерлых. Якраз за наступствы граху памерлыя і пакутуюць у чыстцы.

Нашыя малітвы і адпуст ніколі не бываюць марнымі: нават калі мы не ахвяруем іх за кагосьці канкрэтна, Пан Езус «перанакіруе» іх у інтэнцыі тых, каму гэта неабходна.

Колькі адпустаў можна атрымаць на працягу актаву ўсіх памерлых вернікаў (1–8 лістапада)?

З 1 па 8 лістапада поўны адпуст можна атрымаць за пабожнае наведванне могілак і малітву за памерлых. Гэты адпуст можна ахвяраваць толькі за памерлых.

Варта памятаць, што ў гэты перыяд адпуст можна атрымаць кожны дзень пры ўмове наведвання могілак і малітвы за памерлых. Прыняцце святой Камуніі дакладна ў гэты дзень для атрымання адпусту ў гэтым выпадку неабавязковае.

Асобна поўны адпуст можна атрымаць 2 лістапада за пабожны ўдзел у святой Імшы і малітву за памерлых. Такім чынам, 2 лістапада адпуст можна атрымаць два разы, ахвяраваўшы яго за двух памерлых.

Якія ўмовы атрымання адпусту?

Каб атрымаць адпуст, неабходна быць у стане асвячальнай ласкі пасля споведзі (неабавязкова спавядацца менавіта ў гэты дзень — можна зрабіць гэта загадзя), прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца (інтэнцыях, у якіх моліцца Пантыфік).

Важнай перадумовай з’яўляецца тое, што чалавек павінен быць ахрышчаны ў Каталіцкім Касцёле і не павінен быць экскамунікаваны (мець касцёльныя пакаранні).

Таксама чалавек павінен мець намер атрымаць адпуст. Калі такога ўсведамлення няма, то адпуст удзелены не будзе.

Паводле Catholic.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by