"Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас" (Мц 11, 28)
Ва ўрачыстасць святога Юзафа ў нашай парафіі прайшла 5-гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і малітоўнае чуванне ў інтэнцыі спынення вайны ва Украіне. Дарослыя і дзеці, моладзь і людзі старэйшага пакалення ахвяравалі свой час, каб праз ушанаванне Бога ў Найсвяцейшым Сакраманце перамяніць свет.
Можа, на першы погляд, словы "перамяніць свет" гучаць крыху пафасна, аднак праз супольную адарацыю мы не толькі самі ўзрастаем у веры, але і прыцягваем іншых да Бога. Кс.Юрый Дрозд у артыкуле "Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту" заўважае: "Адарацыя мае вялікае значэнне для вернікаў. Праз гэты пабожны акт яны спрычыняюцца да радыкальнай перамены свету і да таго, каб Евангелле прыносіла багаты плён. Кожны чалавек, дзякуючы ўдзелу ў адарацыі, трывае ў Хрысце і Яго любові. Той, хто моліцца перад Святымі Дарамі, ніколі не адзінокі. Разам з ім моліцца Хрыстус і ўвесь Касцёл. Адарацыя – гэта рэальная магчымасць адчуць, што Бог кожнага з нас вельмі любіць".
Цешыць, што многія нашы парафіяне разумеюць важнасць адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту і скарысталіся магчымасцю пакланіцца Богу ўкрытаму ў Эўхарыстыі. Супольная малітва на ружанцы, спевы, разважанні — усё гэта дзеля таго, каб запанаваў мір, каб людскія сэрцы адкрыліся на любоў і згоду. 
Падчас адарыцыі была магчымасць пакланіцца Эўхарыстычнаму хлебу ў цішыні. Гэта практыка не менш каштоўная чым супольная адарацыя. Святы Ян Марыя Віянэй казаў: "Калі мы знаходзімся перад Найсвяцейшым Сакрамантам, то замест таго, каб азірацца навокал, давайце заплюшчым вочы, закрыем вусны і адкрыем сэрцы, а Бог адкрые сваё; мы выйдзем да Яго, Ён прыйдзе да нас, каб прасіць і атрымаць. Гэта будзе нібы пералівання з сэрца ў сэрца".
Адказваючы на заклік Езуса: "Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас" (Мц 11, 28) маем надзею, што нашы малітвы будуць мець плён.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by