WYSIWYG Web Builder
Цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай
2 ліпеня ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай. У апошнія гады галоўныя ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі адбываюцца ў першую суботу ліпеня і распачынаюцца ўжо напярэдадні. Прапануем пазнаёміцца з гісторыяй цудадзейнага абраза, які штогод прыцягвае да сябе тысячы пілігрымаў.
У бэрнардынскім касцёле Унебаўзяцця Панны Марыі ў Будславе ўжо больш за чатыры стагоддзі знаходзіцца абраз Маці Божай, шырока вядомы ў XVII–XVIII стст. як цудадзейны. У наш час імкліва адраджаецца яго шанаванне.

Хроніка кляштара сведчыць, што ў 1598 г. абраз быў падараваны ў Рыме папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. У надпісе на дошцы абраза паведамляецца пра гэты факт, але дата падзеі не змешчана. Ваявода вельмі цаніў абраз і ў паходах заўсёды вазіў яго з сабою. Пасля смерці Паца (1610 г.) абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю, які неўзабаве стаў даўгінаўскім вікарыем. У 1613 г. у Вялікі чацвер і Вялі­кую пятніцу Салакай быў у Будзе. Узрушаны набажэнствам, а таксама просьбамі айцоў бэрнардынаў, якія ведалі пра прыгожы абраз, ён ахвяраваў яго касцёлу ў Будславе «і там у законе св. Францішка сваё жыццё закончыў».

Абраз быў змешчаны ў драўляным касцёле і адразу стаў карыстацца пакланеннем простага люду, праславіўся цудамі і ласкамі, а ў 1635 г. быў перанесены ў галоўны алтар на месца ранейшага абраза «Наведзіны Марыяй Альжбеты», які быў адпраўлены ў віленскі кляштар.

Гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 г., былі апісаны гвардыянам будскага кляштара Элеўтэрыем Зеляе­вічам у кнізе «Задыяк на зямлі». Аўтар, спасылаючыся на антычныя крыніцы і Біблію, аддае на­лежнае фундатарам кляштара Долматам-Ісайкоўскім, узнёсла апісвае будскую мясцовасць і гісторыю ўзнік­нення кляштара, сведчыць аб пілігрымках сюды на свята Унебаўзяцця Багародзіцы вернікаў з-пад Полацка, Браслава, Віцебска, Мінска, Ашмянаў. Характэрна, што да шанаванага абраза прыходзілі не толькі рыма-католікі, але і ўніяты, а іх даўгінаўскія святары «са сваёй кампаніяй» штогод цэлебравалі тут «грэчаскае набажэнства».

Для належнага размяшчэння цудадзейнага абраза ў святыні быў пабудаваны ўні­кальны алтар са шматлікімі скульптурамі, які захаваўся да нашага часу. Як даводзіць прафесар Ежы Кавальчык (Варшава), праект кампазіцыі алтара, адзінай такога роду на прасторах тагачаснай Рэчы Паспалітай, хутчэй за ўсё, належыць каралеўскаму архітэктару Джавані Гіслені. Тады ж бэрнардынамі-злотнікамі Геранімам Плёнскім і Бэнэдыктам Росманам была выканана срэбраная аздоба абраза: сукенка і ажурная рама. Падчас нашэсця войскаў цара Аляксея Міхайлавіча (1655–1661 гг.) бэрнардыны вывозілі абраз у Саколку (на тэрыторыю цяперашняй Польшчы), адкуль ён быў вернуты ў 1665 г.
Абраз без шатаў (стан на момант заканчэння рэстаўрацыі)
Натуральна, што будскі абраз карыстаўся шанаваннем найперш у літоўскай правінцыі бэрнардынаў: у некаторых іх касцёлах Маці Божай Будскай былі прысвечаны асобныя алтары (у прыватнасці, у Магілёве, дзе копія абраза таксама славілася цудамі). Са скасаваннем ордэна бэрнардынаў папулярнасць абраза лакалізавалася. Тым не менш, у «Каталогах Віленскай дыяцэзіі» 1920–1930 гг. сярод дзесяці цудадзейных абразоў Маці Божай у касцёлах указаны і будслаўскі. У наш час абраз Маці Божай Будслаўскай стаў агульнабеларускай святыняй, сведчаннем чаго з’яўляецца каранацыя абраза папскімі каронамі.

Абраз намаляваны алеем на палатне, нацягнутым на дошку памерам 72х65 см. Іканаграфія належыць да тыпу Адзігітрыі, але трактаваная больш свабодна, у духу італьянскага Рэнесансу. Маці Божая паказана па пояс, у чырвонай сукенцы, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі з карункавым шлякам. Твар мае пра­вільныя рысы, мадэліроўка аб’ёму — святлоценявая, левая палова — у глыбокім ценю.

Дзіця на левай руцэ Багародзіцы намалявана ў свабоднай позе, у светлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Ручкі працягнутыя да Маці: правай рукой Езус благаслаўляе, а левай нібы падае Маці плод граната — сімвал вечнага жыцця, а таксама Касцёла, шматлікіх вернікаў якога ўвасабляюць зярняткі. Твар прыгожы, з тонкімі рысамі, позірк скіраваны да гледача, на вуснах далікатная ўсмешка. Ножкі Дзіцяці скрыжаваныя, як на абразе Багародзіцы Ціхвінскай. Фон высветлены, німбы вохрыстыя, расчэрчаныя вострымі праменямі.

На абразе ацалела дасканалая срэбраная шата, арнаментаваная пазалочанымі, свабодна раскіданымі далікатнымі кветкамі, і карона з каштоўнымі камянямі. Абраз змешчаны ў срэбранай раме з арабескавым арнаментам у стылі позняга рэнесансу. У арнамент упісаны фігуры св. Казіміра і, верагодна, св. Алены, імператрыцы. Гэтае аздабленне належыць да лепшых узораў злотніцкага майстэрства на Беларусі.

У пачатку 1990-х гг., пры рэстаўрацыі абраза В. Лукашэвічам, палатно было знята з дошкі, дубліравана, грунт і фарбавы слой замацаваныя, месцы стратаў за­грунтаваныя і таніраваныя. Паднаўленняў жывапісу не выяўлена. Пад палатном на дошцы аказаўся лацінскі надпіс з каштоўнымі звесткамі аб пачатковай гісторыі абраза і алтара.

Budslau.by

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by